Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
8 из 173
Пакуль Мірон зноў учапіўся задрэва ды агледзеўся, човен быў ужо так далёка, што дагнаць яго не было ніякай магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму.
Усё гэта адбылося так хутка, што Віктар, які таксама выбіраўся з вады і ўзлазіў на дрэва, нават не заўважыў, што робіцца за яго спіной, тым больш што Мірон за ўвесь гэты час не падаў аніводнага гуку.
Азірнуўся Віктар – ні чоўна, ні Мірона няма! Што за дзіва такое?
– Міро-о-он! – гукнуў ён.
– Ну! – адгукнулася зусім блізка.
– Дзе ты?
– Тут!
Глянуў Віктар – і вачам сваім не верыць.
– А дзе ж човен?
– Не ведаю.
– Як жа так?
– Ды так. Паплыў.
– Што ж гэта такое? – у роспачы крыкнуў Віктар.
– Прыгода, – спакойна азваўся Мірон са свайго дрэва.
– Што ж ты нарабіў?
– А можа, гэта ты нарабіў?
– Ты ж у чоўне застаўся!
– Хацеў бы я паглядзець, як ты застаўся б, каб цябе так штурханулі, – адказаў Мірон.
Так спрачаліся яны, пакуль не прайшло першае ўражанне ад няшчасця. Ніхто нікога сур'ёзна не вінаваціў, ды і карысці ніякай ад гэтага не было б, але ж трэба было па прывычцы аднаму аднаго папікнуць. І толькі пасля таго сталі яны абмяркоўваць, як выйсці са становішча.
А становішча было такое, што ім нікуды нельга было падацца, апрача таго лесу, што віднеўся наперадзе за кіламетр ці трохі болей. Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|