Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 9 из 173

А на залітым вадою балоце яны мелі шмат«станцый» для адпачынку – дрэвы, кусты і проста неглыбокія мясціны.

Было каля поўдня. Неаглядная водная прастора іскрылася на сонцы. З захаду ледзь дыхаў цёплы ветрык. Вада ціхенька плюхалася каля дрэў. Уверсе са свістам праляцелі дзве качкі. Сонца прыемна сагравала мокрае адзенне хлопцаў. Настрой у іх палепшыўся, асабліва ў Віктара. Ён нават пачаў жартаваць:

– Калі-небудзь, можа, будзем дзякаваць, што так здарылася. Тут табе і мора, і аварыя карабля, і таемны востраў, а там сустрэнуцца дзікуны, бегемоты, кракадзілы, тыгры…

– Невялікае шчасце сустрэць тыгра з голымі рукамі, – сказаў Мірон.

– А ты хочаш, каб табе ўсё гатовае было? Тады лепш было сядзець дома.

– Я і згадзіўся б цяпер лепш сядзець дома. Можа, каб апісаць усё гэта ў кніжцы, дык які-небудзь дурны хлопец і захацеў бы быць на нашым месцы. А я наперадзе не чакаю нічога добрага.

– Эх ты! – з пагардай сказаў Віктар. – Што будзе з цябе далей, калі ты ўжо цяпер раскіс?

Мірон усміхнуўся.

– Прадбачыць – гэта не значыць раскіснуць. Паглядзім яшчэ, хто будзе больш трывалы. Але час ужо ў дарогу. Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду!

– Пачакай, можа, варта яшчэ пашукаць нашага чоўна? Можа, ён зачапіўся дзе? – сказаў Віктар. – Маё дрэва вышэйшае, я з яго пагляджу.

– Дзе там! – безнадзейна махнуў рукой Мірон. – Гэтая гладкая калода нават не мае чым зачапіцца. Ды і вір круціць тут ва ўсе бакі.

– Так яно і ёсць! – сказаў Віктар, калі зірнуў зверху.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]