Апавяданне без канца (на белорусском языке)   ::   Чигринов Иван

Страница: 2 из 12

Ва ўсёй яго постацi адчувалiся здароўе i тая абыякавая ўпэўненасць, з якой прывыклi ступаць па зямлi толькi нямногiя людзi. Нават старшыня райвыканкома, якi гаварыў яму пра нейкiя справы, iдучы побач, здавалася, губляўся пад яго насмешлiвым, трохi спагадлiвым позiркам.

Ён быў чалавекам высокага росту, з шырокiмi, крыху прыўзнятымi плячамi, з высокiм iлбом i доўгiмi, закiнутымi назад валасамi, якiя ўжо добра пасiвелi.

Якраз i я апынуўся ля будкi вартаўнiка. Стары Панаська сказаў:

- Бач, як перад гэтым Чыкiлёнкам гнуцца... i наш i той раённы.

Стары дымiў люлькай i соннымi вачмi глядзеў у той бок, дзе за коўратамi сабраўся каля легкавушак натоўп.

- Ну i пралаза гэты Чыкiлёнак, - дадаў стары.

Потым спытаў:

- А ты яшчэ не схадзiў да яго на паклон?

I, не чакаючы адказу, пахвалiў:

- Ты гэта правiльна, хлопец, робiш. Табе няма чаго знацца з iм.

Панаську быццам цягнуў хто за язык.

- Бацька яго, Iван Чыкiла, быў чалавек, - гаварыў Панаська. - Iгнаська таму i аддаў сваю Вольгу. Думаў, сын па бацьку. Яблыка ж, гавораць, падае недалёка ад яблынi. Але як часта людзi памыляюцца!.. Гэта аж вон куды закацiлася. Нават дастаць цяжка.

Панаська гудзеў сваiм нутраным - глухаватым, але яшчэ моцным голасам:

- I добра, што хоць Вольга не бачыць. Адпеклавала дзеўка сваё. Ды ён, мусiць, i не надумаўся б сюды, каб яна жыла. Не, што нi кажы, а Чыкiлёнак гэты пралаза, брат. Во бачыш, як сустракаюць яго. Дамогся свайго. А нашы вочы вылупiлi ды шапкi ледзь не ломяць. Сказана, дурнi. Бо ў галаве замест мазгоў падалiкi.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]