Апавяданне без канца (на белорусском языке) :: Чигринов Иван
Страница:
3 из 12
Ну i што, калi начальнiк? Ды такога начальнiка, як Чыкiлёнак, калi па-людску рабiць, дык i блiзка не трэба пускаць.
То было ўчора. А сёння Чыкiлёнак выглядаў адзiнока. Што прывяло яго на Пычаў бераг? Няўжо сапраўды тыя шчупакi, якiя мне каторы дзень не давалi спакою?
Здалёку ён не чуў маiх крокаў. Не паварушыўся i тады, калi я затупаў блiзка.
Але я не шукаў з iм сустрэчы.
Зоркi тым часам тухлi на небе. Паказалася сонца. Спачатку яно высунулася адным сваiм краем i стала падобнае на чырвоны шар, у якi нехта неўзаметку дзьмуў збоку, i таму ён усё павялiчваўся, узнiмаючыся ўгору. Нарэшце гэты распалены шар адарваўся ад зямлi i закалыхаўся над ёю - вялiкi, блiзкi i разам з тым недасягальны. Сонца здавалася нейкiм няпраўдашнiм. Быццам яго намаляваў хто чырвонай фарбай ды павесiў там, дзе яно заўсёды ўзыходзiць, каб падманваць даверлiвых.
- Гэта ты, Iваноў? - спытаў Чыкiлёнак i не павярнуў галавы, напэўна, падумаў, што прыйшоў яго шафёр.
Я прамаўчаў.
Тады ён раззлаваўся:
- Ты што, не чуеш, Iваноў?
- Гэта не Iваноў, - адказаў я, каб неяк азвацца.
"Ну i пралаза гэты Чыкiлёнак", - успомнiў я словы старога Панаськi.
Штосьцi прыгожае i непрыгожае было адначасова ў яго твары. У шэрых i крыху раскосых вачах, асаблiва калi ўсмiхаўся, загаралiся хiтраватыя iскры. Але яны загаралiся толькi на адзiн кароткi мiг.
Дзiўнымi якасцямi валодаў Чыкiлёнак. Ён яшчэ не разгледзеў мяне як мае быць, толькi акiнуў паспешлiва позiркам. Ён яшчэ не сказаў нiчога такога, каб запомнiлася.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|