Апавяданне без канца (на белорусском языке)   ::   Чигринов Иван

Страница: 6 из 12

Ад гэтага кроў хлынула ў галаву, сцiснула скронi. Але я перамог нечаканую слабасць, якая можа больш ад гарачынi была, чым ад разгубленасцi, узяў на рукi хворую i панёс яе па дарозе, туды, дзе вiднелiся купалы царквы.

Жанчына, здавалася, не дыхала. Твар яе пакрывалi кропелькi поту.

Я ўпарта нёс сваю нялёгкую ношу i з кожным крокам усё больш хваляваўся. Нарэшце мне пачало здавацца, што я не паспею дайсцi да пасёлка i жанчына памрэ на маiх руках. Тады я паклаў яе ў жыта i пабег шукаць дапамогi, бо сам нiчога не мог зрабiць - жанчына, наколькi я разумеў гэта, хварэла на сэрца, i яе ў дарозе, далёка ад дому, хапiў прыступ.

Я бег, i пот залiваў мне вочы. Дыхалася цяжка. У роце прагоркла.

- Каб не памерла, каб не памерла, каб не памерла, - нiбы падлiчваў я крокi, i гэта мяне падганяла...

Праз два днi я прыйшоў у бальнiцу праведаць яе. Сястра, якая ездзiла тады з доктарам на машыне хуткай дапамогi па хворую, замест адказу паказала мне ў канец калiдора. Там, насупраць акна, нехта стаяў у белым халаце. Бальнiчны калiдор быў доўгi, таму адразу цяжка было разгледзець чалавека. Але праз колькi крокаў я ўжо ведаў, што там стаяла жанчына. Толькi не тая, якую мне давялося ратаваць.

- Мама памерла, - яна ступiла насустрач i заплакала.

Ад яе слоў раптам заныла маё нутро. Заныла, засаднiла. Але я ўсё ж пайшоў за дзяўчынай па калiдоры, каб даслухаць, што яна гаварыла скрозь слёзы.

- Перад смерцю мама хацела бачыць вас. Гэта ж вы падабралi яе на дарозе ў той дзень. А вы ўсё не iшлi. I яна не дачакалася.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]