Аздоба (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 10 из 12

Яны развiталiся з пакаёўкай, з'ехалi з кватэры, знялi ўбогi катух на паддашку.

Яна спазнала цяжкую хатнюю працу, агiднае корпанне каля кухоннай плiты. Яна мыла посуд, заломваючы свае выпешчаныя ружовыя пазногцi аб тлустыя гаршкi i закураныя рондалi. Прала брудную бялiзну, мыла кашулi, церла мылам анучы i пасля развешвала ўсё гэта сушыцца на дроце; кожную ранiцу яна выносiла на двор смецце i цягнула наверх ваду, спыняючыся перадыхнуць на кожным паверсе. I адзетая, як звычайная, простая кабета, з кашом у руцэ, яна хадзiла купiць чаго-небудзь спажыўнага, садавiны цi хлеба, i заўсёды спрачалася з крамнiкамi, сварылася, баранiла кожнае су з сваiх мiзэрных грошай.

Кожны месяц трэба было плацiць па вэксалях i, каб выйграць час, падпiсваць новыя.

Муж не шкадаваў сябе, увечары ён перапiсваў начыста рахункi гандлярам, а ўночы часам рабiў копii з рукапiсаў па пяць су за старонку.

I гэтак яны жылi дзесяць гадоў.

Праз дзесяць гадоў усё было выплачана - усё, разам з незлiчонымi лiхвярскiмi надбаўкамi i шматлiкiмi складанымi працэнтамi.

Панi Люазэль вельмi пастарэла. Яна стала цяпер нязграбная, i дужая, i грубая, як усе гаспадынi ў згалелых сем'ях. Яна хадзiла заўжды непрычасаная, у збiтай набок спаднiцы, з чырвонымi рукамi, размаўляла голасна i мыла падлогу, плёскаючы ваду проста з вядра. Але часам, калi муж быў на службе, яна сядала каля акна i прыгадвала той колiшнi вечар, той баль, на якiм яна мела такi поспех, на якiм яна была такая прыгожая i чароўная.

|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]