Аздоба (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 3 из 12



У яе была багатая сяброўка, былая прыяцелька па дзявочым прытулку, да якой яна цяпер не любiла хадзiць, бо, вяртаючыся дадому, прыносiла з сабой толькi пакуты. I цэлымi днямi яна лiла слёзы ў журбе, жальбе, роспачы i смутку.

Аднойчы ўвечары яе муж вярнуўся з працы i з урачыстым выглядам падаў ён нейкi канверт.

- Вось, трымай, - сказаў ён, - тут ёсць нешта табе.

Яна жвава ададрала беражок паперы i дастала картку, на якой было напiсана друкаванымi лiтарамi:

"Мiнiстр народнай асветы i панi Рампано просяць пана i панi Люазэль зрабiць iм ласку i прыйсцi на вечар, якi адбудзецца ў будынку мiнiстэрства ў панядзелак 18 студзеня".

Замест таго каб узрадавацца, як таго чакаў яе муж, яна з прыкрасцю кiнула запрашэнне на стол i цiха прамовiла:

- I што, па-твойму, я мушу з гэтым рабiць?

- Але, дарагая, я думаў, цябе гэта неяк усцешыць. Ты ж нiкуды не выходзiш, а тут такi выпадак, проста выдатны! Мне было страшэнна цяжка яго прыдбаць. У нас за гэтым запрашэннем усе ганяюцца - дужа ж будзе раскошны вечар, дробных службоўцаў i не надта каб запрашалi. Усё найвышэйшае чыноўнiцтва будзе там, сама ўбачыш.

Яна са злосцю зiрнула на мужа i раздражнёна сказала:

- А што я адзену, ты падумаў? У чым я туды пайду?

Гэтай думкi не прыходзiла яму ў галаву, i ён прамармытаў:

- Але, ну, тую сукенку, што ты ходзiш у тэатр. Яна ж, здаецца, вельмi добрая, па-мойму...

Ён змоўк, узрушаны i разгублены тым, што ўбачыў, - яго жонка плакала. Дзве вялiкiя слязiны паволi сцякалi з яе вачэй да куточка рота.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]