Аздоба (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
9 из 12
Нарэшце ў адной з крамаў Пале-Руаяля яны знайшлi дыяментавыя пацеркi, якiя здалiся iм акурат такiмi, як яны шукалi. Каштавалi яны сорак тысяч франкаў. Iм саступалi за трыццаць шэсць тысяч.
Яны папрасiлi ювелiра тры днi iх нiкому не прадаваць i дамовiлiся, што гэтыя каралi ў iх прымуць назад за трыццаць чатыры тысячы франкаў, калi першыя будуць знойдзены да канца лютага.
У Люазэля было васемнаццаць тысяч франкаў, якiя пакiнуў яму бацька. Рэшту ён меўся пазычыць.
I ён пачаў пазычаць, выпрошваў тысячу франкаў у аднаго, пяцьсот у другога, сто франкаў тут, шэсцьдзесят франкаў там. Ён падпiсваў вэксалi, згаджаўся на самыя вялiкiя працэнты, звязаўся з лiхвярамi, з самымi рознымi пазыччыкамi. Ён укрыў даўгамi ўсё сваё жыццё да самых апошнiх дзён, даваў распiскi, не ведаючы нават, цi здолее iх калi аплацiць, i, прыгнечаны страхам перад пакутлiваю будучыняй, перад непрагляднаю нэндзай, якая насоўвалася на яго, i перад сумнаю перспектывай матэрыяльных нястач i маральных нягод, ён паехаў па новыя каралi i вылажыў перад гандляром трыццаць шэсць тысяч франкаў.
Калi панi Люазэль прынесла аздобу панi Фарэсцье, тая сказала незадаволеным голасам:
- Магла б прынесцi мне iх i раней, бо мне яны таксама маглi спатрэбiцца.
Яна нават не раскрыла футарала, чаго так баялася яе сяброўка. Што б яна магла падумаць, каб заўважыла падмену? Што б яна сказала? Можа, яна палiчыла б яе за зладзейку?
Панi Люазэль спазнала жахлiвае жабрацкае жыццё. Зрэшты, яна адразу i гераiчна скарылася перад сваiм лёсам. Трэба было плацiць гэты пачварны доўг. I яна плацiла.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|