Балотны агонь (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
2 из 2
Была поўнач на зыходзе лета. Неба было цёмнае, укрытае хмарамi. Яно дрыгацела час ад часу, асвятляючыся блiскавiцамi ад далёкага магутнага грому. На балоце прыветна мiгцеў той самы агонь.
Маладая бярозка радасна дрыжала, гледзячы на яго. Абуджаны раскацiстым гулам грому вяз папытаўся ў бярозкi:
- Чаму ты не спiш, дзеткi?
Бярэзiнка здрыганулася знячэўку i прыкiнулася, што нiчога не чуе i спiць.
- Чаго ж саромеешся? - прыветна прамовiў вяз. - Ох, блазнота! Ты ўглядаешся на балота, цябе цягне агонь?
Вяз памаўчаў, а потым, махнуўшы галiнаю, сказаў:
- Гэта не агонь.
Маладая бярэзiнка аж задрыжала ўся ад гэтых слоў.
- Як, гэта не агонь? Гэта не праўдзiвы агонь? - тужлiва спытала яна i пачула, што перад ёю як бы адчынiлася нейкая бяздонная пустэля.
- Гэта гнiлякi на балоце свецяцца, - зноў прамовiў вяз, - плюнь на iх: у дрэва павiнна быць дзве дарогi - адна ў зямлю, другая ўгару да сонца.
Доўга яшчэ гаварыў вяз. А бярэзiнка маўчала i не чула яго слоў. "Дык гэта быў зман! А я думала, што гэта - сапраўдны агонь, i ў гэтым была мая радасць i ўцеха, у гэтым забывала я аб сваёй нядолi". I стала сумаваць i тужыць бедная бярозка. Цяпер нiякай радасцi не было ў яе жыццi.
А калi гэты выпадак стаў вядомы памiж дрэў, то яны доўга шумелi i нiяк не маглi прыйсцi да згоды: цi добра зрабiў вяз, развеяўшы гэты туман, гэты прыгожы туман зменнага шчасця беднай бярэзiнкi?
I да гэтага часу вядуць дрэвы спрэчку.
|< Пред. 1 2 >|