Чорт (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
2 из 8
Але доктар зазлаваўся i тупнуў нагою:
- Гэй вы, нягоднiк, я не дазволю вам гэта рабiць, чуеце? А калi вам так прыспiчыла з пшанiцай якраз сёння, схадзiце да Рапэ, лiха вам! Схадзiце, чулi? А не сходзiце - здохнеце, як сабака, калi вы, вы самi захварэеце, зразумелi?
Даўгалыгi, цельпукаваты мужык пакутаваў адсваёй нерашучасцi, ад доктаравых пагроз i спрадвечнай прагi да грошай; муляўся, штосьцi падлiчваў i нарэшце прамармытаў:
- Гэта, а колькi тая Рапэ возьме за працу?
Доктар зароў:
- Адкуль я ведаю?! Усё залежыць ад часу! Самi дамоўцеся, халера! Але каб праз гадзiну яна была тут, уцямiлi?
Мужык рашыўся:
- Iду, iду, не злуйцеся, доктарка.
Той пасунуўся з хаты, кiнуўшы на хаду:
- Ну то глядзiце, вы мяне ведаеце, са мной лепш не жартаваць, калi я злы.
Застаўшыся адзiн, селянiн павярнуўся да мацi i цвёрда сказаў:
- Я iду да Рапэ, бо так хоча гэты чалавек. Глядзi не памры, пакуль я не вярнуся.
I таксама выйшаў.
Старая прасавальнiца Рапэ абмывала нябожчыкаў i рабiла апошнi дагляд хворых у сваёй i ў суседнiх вёсках. Зашыўшы клiента ў зрэб'е, якое таму больш не суджана было зняць, яна зноў вярталася прасаваць бялiзну жывым. З тварам, як леташнi яблык, звадная i зласлiвая, сквапная, што лiхвяр, зламаная напалам ад бясконцага нагiнання над цяжкiм прасам, яна, здавалася, адчувала да чалавечай агонii нейкую нялюдскую цынiчную любоў. Яна толькi i гаварыла, што пра мёртвых, пра розныя смерцi, якiх яна багата пабачыла, прычым гаварыла заўсёды з аднолькавымi дакладнымi падрабязнасцямi; i тады рабiлася вельмi падобная на паляўнiчага, якi хвалiцца здабычай.
Калi Анарэ Бантан зайшоў да яе, яна якраз дамешвала сiнькi да жаночых каўнерыкаў.
Ён павiтаўся:
- Вечар добры. Як маешся, цётка Рапэ?
Яна зiрнула на яго:
- Нiшто, нiшто сабе.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|