Цётка Саваж (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 2 из 9

Я абагнуў хмызняк на ўскраiне лесу Сордаў i заўважыў зруйнаваную халупу.

I раптам я згадаў яе такую, якую бачыў апошнi раз у тысяча восемсот шэсцьдзесят дзевятым годзе, чысцюткую, аплеценую вiнаграднаю лазой, з курамi, што грэблiся перад ганкам. Цi ёсць што сумнейшае за мёртвы дом, за яго гаротныя змрочныя руiны?

Я ўспомнiў таксама, як добрая гаспадыня прымушала мяне, стомленага, выпiць чарачку вiна ў хаце i як Сэрваль расказаў мне гiсторыю яе жыхароў. Бацьку, старога браканьера, забiлi жандары. Сын, якога я бачыў неяк раней, высокi сухарлявы дзяцюк, быў таксама вядомы як люты знiшчальнiк звяроў. Iх называлi Саважамi.

Што гэта, прозвiшча цi мянушка?

Я паклiкаў Сэрваля. Ён падышоў сваiмi вялiкiмi буслiнымi крокамi.

Я спытаўся: "Што здарылася з тутэйшымi людзьмi?"

I ён расказаў мне вось гэтую гiсторыю.

Калi пачалася вайна, малодшы Саваж, яму было тады трыццаць тры гады, пайшоў у войска, пакiнуўшы мацi адну. Яе, старую, не надта шкадавалi, бо ведалi, што грошы ў яе мелiся.

Яна засталася адна ў гэтай самотнай хатцы, так далёка ад сяла, пры самым лесе. Зрэшты, яна i не баялася, бо была з тае ж пароды, што i яе мужчыны, суровая старая, высокая i худая; яна рэдка смяялася i не надта адгуквалася на жарты. Дарэчы, усе вясковыя кабеты не вельмi смяшлiвыя. Гэта ўжо справа мужчын! Ад змрочнага, беспрасветнага жыцця жаночая душа робiцца сумная i абмежаваная. У карчме селянiн трохi прывучаецца да шумлiвае весялосцi, але кабета яго застаецца сур'ёзная, з заўсёднаю суровасцю на твары.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]