Цётка Саваж (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 7 из 9



Як толькi дзверы за iмi зачынiлiся, старая прыняла лескi, адчынiла дзверы ў хату i пачала насiць салому, аж покуль не завалiла ўсю кухню. Яна хадзiла па снезе босая так асцярожна, што нiчога не было чуваць. Час ад часу яна прыслухоўвалася да гучнага i няроўнага храпу салдатаў. Вырашыўшы, што саломы ўжо досыць, яна сунула адно бярэмя ў агонь, яно запалала, i старая расцярушыла яго па кухнi. Потым яна выйшла i пачала глядзець.

Праз некалькi хвiлiн неўтаймоўнае полымя залiло халупу з сярэдзiны, пасля яно ператварылася ў жахлiвае вогнiшча, у вялiзарную печ, што палала i пырскала святлом праз вузкiя вокны, кiдаючы на снег яскравы адбiтак.

Моцны крык вырваўся з вышынi хаты, ператварыўся ў хвалю чалавечага ляманту, поклiчаў, што рвалi душу жахам i роспаччу.

Пасля дзверцы правалiлiся ўсярэдзiну, вогненны вiхор вырваўся на гарышча, пранiзаў саламяную страху, узняўся ў неба магутным полымем, i ўся халупа запалала.

З сярэдзiны чулася толькi, як патрэскваюць у агнi сцены i абвальваюцца бэлькi. Раптам страха правалiлася, i з абнятага агнём дома рвануўся ў неба, проста ў хмару дыму, вялiзны сноп iскраў.

Белае, асветленае агнём наваколле ззяла, як срэбны, з чырванню абрус.

Аднекуль здалёк пачуўся звон.

Старая Саваж стаяла перад сваiм разбураным гняздом; яна трымала сынаву стрэльбу, баючыся, каб хто з прусакоў не выскачыў з полымя.

Убачыўшы, што ўсё скончана, яна кiнула сваю зброю ў вогнiшча. Грымнуў выбух. Збеглiся сяляне, прусакi.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]