Цётка Саваж (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 8 из 9



Старая сядзела на калодзе спакойная i задаволеная.

Адзiн нямецкi афiцэр, што гаварыў па-французску, як сапраўдны француз, спытаўся ў яе: "Дзе вашы пастаяльцы?"

Яна выцягнула сваю худую руку да барвовага россыпу вуголля, што ўжо затухала, i цвёрда адказала: "Там!"

Людзi таўклiся вакол яе. Прусак спытаўся: "Як пачало гарэць?"

Яна вымавiла: "Я падпалiла".

Ёй не паверылi, падумалi, што з-за гэтага няшчасця яна раптоўна звар'яцела. Стоячы ў атачэннi людзей, што слухалi яе, яна расказала iм усё ад пачатку да канца; ад моманту, калi яна атрымала лiст, i да апошняга крыку людзей, што згарэлi ў хаце.

Скончыўшы, яна выцягнула з кiшэнi дзве паперкi i начапiла свае акуляры, каб адрознiць iх у апошнiх водблiсках полымя. Паказваючы адну, яна сказала: "У гэтай пра смерць Вiктора". Падаючы другую, яна кiўнула на барвовыя руiны: "Гэта iхнiя прозвiшчы, каб напiсаць iм дадому". Спакойна аддала паперку афiцэру, што трымаў яе за плечы, i дадала: "Апiшыце, як усё здарылася, i скажыце iхнiм бацькам, што гэта зрабiла я, Вiкторыя Сiмон, Саваж! Не забудзьце!"

Афiцэр крыкнуў па-нямецку нейкi загад. Старую схапiлi, кiнулi да яшчэ гарачае сцяны яе хацiны.

Дванаццаць чалавек сталi шыхтом за дваццаць метраў ад яе. Яна стаяла нерухома, зразумеўшы ўсё, яна чакала.

Пачулася каманда - гук стрэлаў рвануў паветра. Нечы запознены стрэл самотна прагучаў пасля ўсiх.

Старая не ўпала, яна асела, нiбы падрэзаная. Прускi афiцэр падышоў да яе. Яе амаль разарвала напалам, а сцiснутая рука яе ўсё трымала скрываўлены лiст.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]