Фиялки ы сераду (на белорусском языке) :: Моруа Андрэ
Страница:
12 из 12
Ах, як я злую на сябе! Як я злую!
- Хай вас не мучыць сумленне, мадмуазэль... Вы ж не маглi ўгадаць... Скончыўшы вучэльню, Андрэ папрасiў, каб яго накiравалi на Мадагаскар; прычынай такога рашэння былi вы, вядома... Ён сказаў сястры: "Альбо разлука вызвалiць мяне ад гэтага безнадзейнага кахання, альбо я стану героем, i тады..."
- А хiба не геройства, - прамовiла ўзрушаная Жэннi, - такое пастаянства пачуццяў, такая адданасць i сцiпласць!
Потым, калi палкоўнiк падняўся, яна парывiста схапiла яго за рукi:
- Мне здаецца, што я не зрабiла нiчога дрэннага, i ўсё ж такi... I ўсё ж я адчуваю, што на мне таксама ляжыць нейкi абавязак перад яго пакрыўджаным ценем... Мне балюча!.. Слухайце, палкоўнiк, скажыце мне, дзе ваш сын пахаваны?.. Даю вам слова, што да самай сваёй смерцi я кожную сераду буду прыносiць букет фiялак на яго магiлу.
- Вось чаму, - закончыў сваё апавяданне Леон Ларан, - на працягу ўсяго жыцця наша Жэннi, якую лiчаць чэрствай, расчараванай, а некаторыя нават цынiчнай, кожную сераду пакiдае сваiх сяброў, работу, свае амурныя справы i адна iдзе на могiльнiк Манпарнас да нябожчыка-лейтэнанта, якога нiколi не бачыла... Я думаю, вы цяпер пераканалiся ў справядлiвасцi маiх слоў. Гэта гiсторыя надта сентыментальная для нашага часу.
Некалькi хвiлiн усе маўчалi, потым Бертран Шмiт сказаў:
- На свеце заўсёды знойдзецца крыху рамантыкi для тых, хто яе варты..
Пераклад: Юрка Гаўрук
|< Пред. 8 9 10 11 12 >|