Гатэль Танатос Палац (на белорусском языке)   ::   Моруа Андрэ

Страница: 6 из 18

Поезд шпарка iмчаўся мiма баваўняных палёў, дзе працавалi негры - чорныя кропкi сярод белай пены. Жан Манье то чытаў, то драмаў, то зноў прабаваў чытаць - так прайшлi два днi i дзве ночы. Нарэшце яны ўехалi ў горы, гiганцкiя, фантастычныя, казачныя. Цягнiк з гулам iшоў у цяснiне памiж высачэнных скал, перасечаных упоперак фiялетавымi, жоўтымi i чырвонымi палосамi. Памiж скал, на палове iх вышынi, доўгаю белаю стужкай вiселi аблокi. На дробных станцыях можна было ўбачыць мексiканцаў у шырокiх капелюшах i вышываных скураных куртках.

- Наступная станцыя - Дымiнг, - папярэдзiў Жана Манье негр, праваднiк спальнага вагона. - Пачысцiць вам чаравiкi, мiстэр?

Француз сабраў свае кнiжкi i зачынiў чамадан. Звычайнасць гэтага, што нi кажы, апошняга падарожжа здзiўляла яго. Ён пачуў шум горнага патока. Заскрыгаталi тармазы. Цягнiк спынiўся.

- У "Танатос", сэр? - аклiкнуў Жана Манье насiльшчык-iндзеец, прабягаючы паўз вагоны. Ён пагрузiў ужо ў сваю каламажку багаж дзвюх маладзенькiх бландзiнак, якiя тупалi за iм услед.

"Няўжо гэтыя дзве мiлыя дзяўчыны прыехалi сюды памiраць?" - падумаў Жан Манье.

Яны зiрнулi на яго засмучанымi вачамi i прашапталi нейкiя словы, якiх ён не разабраў.

Аўтобус гатэля "Танатос" зусiм не быў падобны на катафалк, як некаторыя маглi сабе ўявiць.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]