Як птушки дуб ратавали (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
3 из 6
- Кррак! - цiха пачаў сваю прамову крумкач, так цiха, як звычайна пачынаюць свае выступленнi акадэмiкi на вучоных прэзiдыумах.
- Ясна ўсiм, шаноўнае птушынае грамадства, - казаў далей крумкач, - наш глыбокапаважаны дуб хворы: галава яго аблысела, а знiзу пачало ўтварацца дупло. Трэба даследаваць, у якiм стане знаходзiцца сэрцавiна дуба. Папрашу вас, шаноўнае птаства, пашукаць дзятла i запрасiць яго сюды. Дзяцел, як вядома вам, - выдатнейшы хiрург, лепшы доктар i друг дрэва.
Цэлыя чароды птушак шуганулi ў лес, каб знайсцi дзятла. Знайсцi яго было не цяжка: дзяцел сядзеў на дрэве i выстукваў аднастайныя гукi, нiбы тэлеграфiст перадаваў тэлеграму. Птушыная грамада абкружыла дзятла.
- Мiленькi ты наш! - звярнулася да дзятла галка. - Прыляцелi мы да цябе ад птушынай грамады.
- Дуб стары занядужаў, той, што стаiць над рэчкаю, - далучыўся да галкi дрозд. - Слаўны такi дуб, i ты, дзятлiк, прылятаў да яго ў госцi. А што да мяне, дык лепшай пазiцыi для музыкi, як на гэтым дубе, нiдзе няма. Дык патурбуйся, будзь ласкаў, i адведай хворага. Усе мы просiм цябе.
Дзяцел прыпынiў сваю работу i сабраўся ў дарогу. Дарога, праўда, была не доўгая, ды дзяцел па часцi лётнiцтва не вялiкi мастак: падляцiць трохi ды прысядзе, а разам з гэтым у сiлу сваёй прафесii зiрне на адно, на другое дрэва. Нарэшце, усё ж такi дзяцел з птушкамi-пасланцамi прыбыў да старога дуба. Не спяшаючыся, як i належыць сталаму доктару, дзяцел агледзеў усе дубовыя галiны i невялiкiя дуплiнкi. Агляд рабiў уважна, старанна, залазiў сям-там i ў самае дупло.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|