Як птушки дуб ратавали (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
4 из 6
Часамi ён, нiбы доктар-неўрапатолаг, стукаў сваiм доўгiм i вострым дзюбам-малаточкам па дубовай кары, па галiнках. Птушкi з замiраннем сэрца сачылi за кожным спрактыкаваным рухам дзятла i дзiвiлiся яго ў высокай ступенi спрытным доктарскiм прыёмам i захоўвалi ўрачыстае маўчанне. Нарэшце дзяцел скончыў агляд хворага, пасля чаго, як спрытны акрабат, зрабiў надзiва прыгожы паварот на пальцах сваiх лапак.
- Дуб хворы, але не настолькi, каб можна было трывожыцца за яго жыццё. Дубу патрэбен поўны спакой. Усе дзiркi, што вядуць у нутро дуба, трэба пазатыкаць, а разам з тым паклапацiцца, каб паўночныя i ўсходнiя вятры не турбавалi старога дуба. А больш за ўсё глядзець, каб анi кроплi вiльгацi, будзе гэта дождж цi снег, не пападала ў нутро дуба. Жалуды пазнiмаць i лiсце сям-там прарадзiць, каб умацаваць дубу каранi. Ну, вось i ўсё.
Дзяцел пакланiўся птушынай грамадзе, сказаўшы на развiтанне "чык", i наладзiўся ляцець у сваю дарогу.
- Дзякуем, дзякуем табе, дарагi доктар! - адказала птаства i таксама пакланiлася дзятлу.
Голуб з драздом падхапiлi дзятла пад крыллi i так ляцелi з iм без усякiх перасадак да самай дзятлавай рэзiдэнцыi, а потым далучылiся да птушак, што заставалiся каля дуба.
- Тррак! - звярнуўся з другою прамоваю да птушак крумкач. - Будзем лячыць дуб. Перш за ўсё - павесiць пасцiлку, каб захаваць дуб ад паўночных вятроў. Дзе мы яе возьмем?
- Нарвем дзеразы i такую выштукуем заслону, што дуб аж ахне! - азвалiся сарокi.
- Добра! - згадзiўся крумкач i дадаў: - Трэба ж i накррыць дуб.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|