Каля нябожчыка (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
3 из 5
Ён расказаў мне пра сустрэчу гэтага старога разбуральнiка з адным французскiм палiтыкам, тэарэтыкам-рэспублiканцам, якi, захацеўшы пабачыць Шапэнгаўэра, знайшоў яго ў пiвярнi ў атачэннi вучняў. Француз убачыў перад сабой худога з'едлiвага старога з маршчынiстым тварам. Ён смяяўся незабыўным смехам, адным сваiм словам iрваў i разрываў на шматкi думкi i перакананнi, як сабака, што падчас гульнi зубамi раздзiрае кавалкi тканiны. I ён паўтарыў мне словы, што выкрыкнуў гэты француз, калi напалоханы i ледзь не звар'яцелы выбег ад Шапэнгаўэра:
- Здаецца, я прабыў гадзiну побач з самiм д'яблам!
Стары дадаў:
- У яго i сапраўды была жахлiвая ўсмешка, ад якое нам рабiлася страшна, нават пасля яго смерцi. Калi вам цiкава, я раскажу пра выпадак, амаль нiкому не вядомы.
I ён пачаў стомленым голасам сваё апавяданне, што час ад часу перарывалася прыступамi кашлю:
- Калi Шапэнгаўэр памёр, мы дамовiлiся, што будзем па чарзе сядзець пры нябожчыку па двое аж да ранiцы.
Ён ляжаў у вялiкiм, проста ўбраным цьмяным пакоi. На начным столiку гарэлi дзве свечкi.
Апоўначы настала наша чарга. Двое сяброў, якiх мы заступiлi, выйшлi, i мы з калегам увайшлi i селi каля ложка.
Твар у нябожчыка зусiм не змянiўся. Ён смяяўся. У кутках вуснаў былi вiдаць так добра знаёмыя нам зморшчынкi, i нам здавалася, што зараз ён расплюшчыць вочы, зрушыцца з месца, пачне гаварыць. Яго розум, яго думкi абвiналi нас, мы, як нiколi раней, адчувалi сябе ў атмасферы яго генiя, мы былi захопленыя, запалоненыя iм. Здавалася, яго панаванне над намi было яшчэ паўнейшае цяпер, калi ён быў мёртвы. Яго незвычайны розум меў нейкую таямнiчую сiлу.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|