Каля нябожчыка (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
4 из 5
Цела такiх людзей памiрае, але самi яны застаюцца жыць. I я клянуся вам, што ў ноч, якая настае пасля спынення iх сэрца, яны сапраўды страшныя.
Мы цiха размаўлялi пра яго, згадвалi словы, выразы, тыя арыгiнальныя выслоўi, падобныя да промняў святла, кiнутых у змрок непазнавальнага Жыцця.
- Мне здаецца, што зараз ён пачне гаварыць, - сказаў сябар.
I з трывогай, амаль са страхам мы сталi ўзiрацца ў гэты нерухомы твар, якi не пераставаў смяяцца.
Нам зрабiлася няёмка, мы адчулi нейкую прыгнечанасць, знямогу. Я прамармытаў:
- Не ведаю, што са мною, але мне кепска.
I тады мы пачулi, што ад мёртвага iшоў смурод.
Калега прапанаваў мне пайсцi ў суседнi пакой i пакiнуць дзверы прачыненыя. Я згадзiўся.
Я ўзяў з начнога столiка адну свечку, i мы селi ў дальнiм канцы другога пакоя, так, каб быў вiдаць нябожчык у яркiм святле другой свечкi.
Але ён усё роўна турбаваў нашыя думкi. Здавалася, што яго нематэрыяльная iстота, вольная, усемагутная i ўладарная, аддзялiлася ад цела i блукае вакол нас. Часам да нас даходзiў цяжкi, агiдны пах цела, што распадаецца.
Раптам халадок страху працяў нас да касцей: з пакоя, дзе ляжаў нябожчык, пачуўся нейкi цiхi гук. Мы адразу паглядзелi на яго i ўбачылi... праўда, пане, мы абодва выразна ўбачылi, як нешта белае скокнула на ложак, упала на дыван i знiкла пад фатэлем.
Не паспеўшы нават пра нешта падумаць, мы ўскочылi з месца, ашалелыя ад дурнога страху, гатовыя ўцячы. Пасля мы паглядзелi адзiн на аднаго.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|