Камень (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 2 из 2

Ой, колькi разоў даводзiцца яму, старому, перадрыжаць усiмi жылкамi за долю сваiх сынкоў, як увойдзе сюды з блiскучай сякерай на плячах бязлiтасны чалавек! Бывалi цяжкiя часы i для бусла. Не патрапiш у пару вярнуцца з выраю, намерзнешся досыць, стоячы на гняздзе, i духi табе падцягне, бо дзе знойдзеш спажытак у такую сцюжу? А каменю што? Кажуць жа - моцны, як камень, i маўклiвы, як камень. Дык што яму астаецца тут? Ляжаць сабе, як пан, у мяккiм доле. Нi дождж, нi жар для яго не страшны. Блiсне сонца, дзьмухне вецер - i сухi камень i цёпла яму.

I месца выбраў прыўдалае!

Тут i рэчка табе вiдаць, лес, i белыя хмаркi-гускi, што плаваюць па бязмежнаму прастору сiнiх небясоў.

А колькi жыцця навокал яго! Чарнабровыя плiсачкi любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх i пачнуць такiя гамонкi, што толькi i можна пачуць iх увесну. Лясная жаваранка прылятае сюды начаваць, i, пэўна, гэта каменю пяе яна такiя прыгожыя песнi, што душа замлявае. Што ж, шанцуе яму - i толькi! Кожнаму свая доля.

Так казалi суседзi шчаслiвага каменя. Аднаго толькi не маглi сцямiць тутэйшыя жыхары: камень нiводным слаўцом не выявiў свае радасцi, што нямала ўсiх тут здзiўляла.

- Ну, што ж? Такая ўжо натура яго!

Але здарылася тут вось якая рэч. Прылятае раз на сваё гняздо бусел ды кажа да дубоў:

- А ведаеце, браткi, што?

- А што? - усе разам запыталi яго.

- Шчаслiвы наш камень... рассыпаўся.

- Ну?!

- Не можа быць! - зашумела рэчка.

- Што ж гэта такое? - прагукаў лес.

I ўсе дзiвiлiся такому здарэнню.

- З чаго ж такое лiха прылучылася з iм?

I нiхто не ведаў, што сказаць на гэта.

|< Пред. 1 2 >|

Java книги

Контакты: [email protected]