Каханне (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 2 из 7

Абапал лагчыны справа i злева ляжалi ўзгоркi, зарослыя лесам, - глухiя пракаветныя нетры, дзе захавалiся выключныя пароды дрэў i сялiлася самае рэдкае, дзiкае птаства, якое траплялася толькi ў гэтым раёне Францыi. Бывалi выпадкi, што там падстрэльвалi нават арлоў, а пералётныя птушкi - з тых, што амаль нiколi не завiтваюць у нашы задужа людныя мясцiны, амаль заўсёды прыпынялiся ў адвечным нерушы, як быццам яны загадзя ведалi цi выведвалi пра той вячысты лясны куточак, якi iснаваў дзеля iх прытулку на час кароткага начнога адпачынку.

Лагчына - вялiкiя разгароджаныя выганы з арашальнымi канальчыкамi; потым рака, суднаходная да гэтай мясцiны, трохi воддаль разлiвалася, ператваралася ў разлеглае балота. Гэтае балота - самы дзiвосны для палявання кут, якi мне выпадала бачыць, - было галоўным клопатам майго сваяка: ён даглядаў яго, як парк. Бязмежныя зараслi трыснягу, якiя ўкрывалi балота i ажыўлялi яго, рабiлi шалахлiвым i трывожным, працiналi вузкiя прасекi для пласкадонак, i лодкi, папiханыя i кiраваныя шастамi, бязгучна слiзгалi па нерухомай вадзе, краталi чарот, пудзiлi рыбу, якая кiдалася ў бакi скрозь вадзяную траву, ды ныркоў: iх чорныя, вострыя галоўкi тады раптоўна знiкалi пад вадою.

Я неймаверна люблю ваду: люблю мора, хоць яно i занадта вялiзнае, занадта варушкое, непадуладнае нiкому; люблю рэкi, такiя павабныя - i непастойныя, плынныя, нястрымныя; асаблiва да душы мне балоты, дзе трапечацца няўцямнае жыццё-быццё ўсёй вадзяной жыўнасцi. Балота - гэта цэлы свет на сушы, свет адметны, з сваiм жыццём, з сваiмi аседлымi жыхарамi i пералётнымi вандроўнiкамi, з сваёю моваю, а болей за ўсё - з сваёй таямнiцай.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]