Каханне (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
4 из 7
Там з брусоў лёду ўжо складзены будан, у якiм хоць трохi можна будзе затулiцца ад жахлiвага ветру, якi ўсчынаецца на золку i пiлой упiваецца ў цела, рэжа нажамi, коле атрутнымi iголкамi, скручвае вяроўкамi i пячэ агнём.
Сваяк цёр рукi.
- Ну i халадэча! Такой не было яшчэ на маёй памяцi, - дзiваваўся ён. - А шостай вечара было ўжо дванаццаць градусаў марозу!
Пасля вячэры я пайшоў спаць i неўзабаве папраўдзе заснуў, гледзячы на трапятанне вялiкiх языкоў полымя ў камiне.
А трэцяй мяне пабудзiлi. Я апрануў кажух i далучыўся да Карла, таксама апраненага ўжо ў мядзведжае футра. Мы выпiлi па келiху шампанскага ды па шклянцы гарачай кавы i выйшлi на двор, дзе нас чакаў лоўчы з сабакамi Плёнжонам i П'еро.
Ужо з першых крокаў я адчуў, што мяне прабiрае да касцей. У такiя ночы сама зямля здаецца мёртвай ад холаду. Ледзяное паветра настолькi шчытнае, што iм балюча дыхаць; нiводнага павеву, усё навокал знерухомела, застыла; а мароз кусае, працiнае, выпетрывае, знежыўляе дрэвы, раслiны, насякомых, нават дробных птушак, якiя падаюць з голля на скалелы дол i, як дол, калянеюць самi ў абдымках сцюжы.
Месяц у апошняй сваёй квадры ляжаў зусiм на баку, бледны-бледны, быццам i ён памiраў там, у вышынi, такi знямоглы, што не мог нават скрануцца з месца, акаваны, спаралiзаваны холадам нябеснай прасторы. Сухое, сумнае святло iшло ад яго на ўсё наваколле, тое нежывое, сiняватае святло, якое ён штомесяца пасылае зямлi перад канцом свайго адроджанага iснавання.
Мы з Карлам iшлi побач, плячо ў плячо, згорбленыя, з рукамi ў кiшэнях i са стрэльбамi пад пахамi.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|