Каханне (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 5 из 7

Паўзверх нашага абутку былi накручаны суконныя анучы, каб ногi не коўзалiся на рачным лёдзе, i мы iшлi зусiм цiха; я глядзеў, як ад дыхання нашых сабак у паветра ўзнiмалася белая пара.

Неўзабаве мы былi ўжо на ўскрайку балота i па адной з трысняговых прасек падалiся ў глыбiню яго сухiх невысокiх нетраў.

Ад чыркання локцямi па доўгiм стужкападобным лiсцi ўтвараўся лёгкi шоргат, i мяне, як нiколi, моцна, раптоўна апанавала тое дзiўнае хваляванне, якое вечна выклiкаюць у маёй душы балоты. Гэтае балота было мёртвае, мёртвае ад холаду, - мы iшлi па iм у самай гушчэчы ссохлых чаратоў.

На павароце прасекi нечакана вынiк будан з лёду, прызначаны для нашага прытулку. Я ўвайшоў у будан; да абуджэння пералётных птушак мелася яшчэ амаль гадзiна часу, i я ўкруцiўся ў коўдру, каб трохi сагрэцца.

Я ляжаў на спiне i скрозь цьмянае шкло сценаў свайго палярнага дома глядзеў на цяпер ужо чатырохрогi вышчарблены месяц.

Але стынь ад прамерзлага балота, стынь ад сцен будана, стынь, якая плыла з нябеснага скляпення, хутка праняла так жахлiва, што я пачаў кашляць.

Гэта занепакоiла Карла.

- Такой бяды, калi паляванне сёння не ўдасца, - сказаў ён. - Не хапала яшчэ, каб ты прастудзiўся! Зараз раскладзём вогнiшча.

I ён загадаў лоўчаму насячы трыснягу.

Трыснёг склалi ў кучу пасярод будана, а ў столi зрабiлi дзiрку на дым; i вось ужо высока ўгору шуганула чырвонае полымя, i светлыя крышталёвыя сцены пачалi паволi, пацiху-пацiху адтайваць, здавалася, на брусах лёду выступiў пот.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]