Казки (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
92 из 92
Апусцiўся на зямлю Кенгуру - Стары Кенгуру, - сеў на свой хвост, як на табурэтку, i сказаў:
- Дзякуй Богу, скончылася!
I тады Нконг, якi быў вельмi выхаваны, прамовiў:
- Хiба ты не адчуваеш удзячнасцi да Жоўтага Сабакi Дынга? Чаму ты не дзякуеш яму за ўсё, што ён для цябе зрабiў?
I тады сказаў Кенгуру - Стары Стомлены Кенгуру:
- Ён прагнаў мяне з родных мясцiнаў; ён не даў мне своечасова паесцi; ён так змянiў маё аблiчча, што такiм, як я быў, я ўжо не буду; ён урэшце знявечыў мае лапы.
I тады сказаў Нконг:
- Калi не памыляюся, ты прасiў мяне зрабiць цябе непадобным на ўсiх астатнiх жывёлiн, а яшчэ, каб за табою ўвесь час ганялiся. I цяпер якраз пяць гадзiн.
- Праўда, - сказаў Кенгуру. - Лепей бы я гэтага не прасiў! Я думаў, ты здзейснiш гэта чарамi i заклiнаннямi, а так - гэта сапраўдны здзек.
- Здзек, кажаш?! - выгукнуў Нконг са сваёй ванны ў зараснiку сiнiх эўкалiптаў. - Паўтары адно, я свiсну Сабаку Дынга - тады ты застанешся i без заднiх лапаў!
- Не трэба! - сказаў Кенгуру. - Давядзецца мне папрасiць прабачэння. Што ж, лапы - як лапы, па-мойму, можна жыць i з такiмi. Я проста хацеў напомнiць Васпану, што ад самай ранiцы нiчога не еў i галодны як сабака.
- Во-во, - сказаў Дынга - Жоўты Сабака Дынга. - Гэта якраз пра мяне. Я зрабiў яго непадобным на ўсiх астатнiх жывёлiн, а што мне дадуць да гарбаты?
I тады Нконг прамовiў са сваёй ванны ў саляным азярцы:
- Прыходзьце заўтра - заўтра пагамонiм! А цяпер мне трэба памыцца.
Так яны i засталiся ў самай сярэдзiне Аўстралii, Стары Кенгуру i Жоўты Сабака Дынга, i кожны казаў адзiн аднаму:
- Гэта ўсё ты!
Пераклад: М.Багун, С..Мiхальчук
|< Пред. 88 89 90 91 92 >|