Кветки па сезону (на белорусском языке) :: Моруа Андрэ
Страница:
2 из 16
Нечакана, у адным з горных гатэляў, дзе ён праводзiў вакацыi, ён сустрэў Люсiль, дзяўчыну такой рэдкай красы - блакiтныя вочы, залацiсты волас, грацыёзная шыя, гiбкiя плечы, - што ўсе гэтыя пяць гадоў дзiвiўся i захапляўся, не верачы ў яе рэальнасць. Нават калi ён трымаў яе раздзетую ў ложку i яна глядзела на яго знiзу, ласкавая i пакорная, ён уяўляў яе iстотай з чарадзейнай казкi. Яна нагадвала яму вобразы Шэкспiра i Мюсэ; i ён папракаў сябе за гэтыя кнiжныя аналогii, за тое, што нават i ў каханнi застаецца вучоным педантам. Не, Люсiль не паўтарала сабою выдуманых гераiнь, а была жанчынай сапраўднай - вясёлая, пяшчотная, юная целам i душой. Часам яна дражнiла мужа сваiм мiлым какецтвам i трошкi крыўдзiла, але ў яго памяцi засталася навек увасабленнем абаяльнасцi i непаўторнага хараства.
- Я страцiў сваё шчасце, - са смуткам шаптаў ён, iдучы да магiлы, для яго свяшчэннай.
"Паўднёвая трэцяя", "Заходняя другая"... У першыя тыднi ён карыстаўся надпiсамi, каб знайсцi дарогу. Цяпер ён iшоў проста да плiты з шэрага мармуру, на якой было выбiта: "Люсiль Карлю, уроджаная Абан (1901-1928)" i нiчога больш. Спачатку ён збiраўся дадаць лацiнскi надпiс: "conjugi, amicае" (жонцы i другу), але палiчыў гэта нясцiплым. Дабiраючыся да яе магiлы, ён абыходзiў пышныя фамiльныя склепы з брыдкiмi помнiкамi ў гатычным альбо егiпецкiм стылi, крыклiвымi сведкамi багацця якiх-небудзь сталёвых цi бакалейных магнатаў. Наколькi лепшай здавалася яму звычайная гладкая плiта, без аздабленняў, апошнi падарунак, выбраны iм з любоўю для сваёй жонкi! Апошнi? Не, зусiм не апошнi.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|