Кветки па сезону (на белорусском языке)   ::   Моруа Андрэ

Страница: 6 из 16

Але замест таго, каб выбрацца на цэнтральную алею, ён мiжвольна павярнуў убок i прайшоў каля магiлы Антуана Канстана. Там ляжаў букет свежых касачоў. Невядомая, вiдаць, прыходзiла нядаўна, можа, нават сёння ранiцай.

Два чацвяргi ён яе не бачыў. На трэцi, з'явiўшыся, застаў яе каля магiлы. У Эцьена склалася ўражанне, што яна зiрнула тайком на прынесеныя iм кветкi. Гэта былi цюльпаны, чырвоныя i жоўтыя. "Нiчога ў iх няма жалобнага, - падумаў ён. - Абсалютна... Але ты iх любiла. Ты казала: трэба ажывiць, упрыгожыць пiсьмовы стол... Ах!.. Я хацеў бы цябе ажывiць, твае цёплыя шчокi, твой чысты лоб!" Потым, у сваю чаргу, кiнуўшы позiрк на даму ў чорным, ён разгледзеў яе кветкi. Як i ён, яна выбрала на гэты раз яркiя колеры, толькi не цюльпаны, а гваздзiкi.

З таго часу ён бачыў яе кожны чацвер. Яна прыходзiла то раней за яго, то пазней, не мяняючы дня. "Вядома, я тут нi пры чым", - тлумачыў ён сабе. Аднак заўсёды чакаў яе прыходу з лёгкiм хваляваннем. Кожны з iх вельмi старанна выбiраў кветкi i цяпер смялей разглядаў, а што ж прынёс сёння другi свайму блiзкаму. Мiж iмi пачалося як бы спаборнiцтва: хто праявiць большую пашану да нябожчыка, бо якасць букетаў увесь час паляпшалася. У адзiн i той жа дзень яны прынеслi першыя ружы, дама - пунсовыя, Эцьен - светлыя чайныя, потым запалалi гладыёлусы ў самых дзiвосных спалучэннях.

Вяртаючыся дадому, ён чакаў, пакуль яна адыдзе далей, каб не было ўражання, што ён ходзiць за ёю следам i набiваецца на знаёмства.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]