Мартэнава дачка (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
2 из 8
Яна ўбачыла Бэнуа, якi чамусьцi да смеху дзiвакавата, як ёй здалося, глядзеў на яе, i гукнула:
- Дабрыдзень, Бэнуа!
- Дабрыдзень, васпанi, дабрыдзень, васпанi Мартэн, - адказаў ён i пашыбаваў далей.
Калi ён прыйшоў дадому, суп ужо стаяў на стале. Ён сеў насупраць мацi, побач з парабкам i наймiтам, а служанка пабегла нацадзiць сiдру.
Бэнуа пасёрбаў трохi i адсунуў талерку.
- Цi не захварэў ты часам? - запыталася мацi.
- Ды не, жывот нешта пучыць, не хочацца есцi, - адказаў ён.
Ён глядзеў, як елi iншыя, сам час ад часу адломваў кавалачак хлеба, няспешна клаў яго ў рот i паволi жаваў. Яго думкi былi заняты Мартэнавай дачкой: "Папраўдзе-такi красуня..." I як толькi ён дасюль не заўважаў гэтага? Адкрыццё прыйшло так знянацку i ўзрушыла так моцна, што ў яго ажно прапаў апетыт.
Да смажанiны ён i не даткнуўся.
- Ну, з'еш хоць кропельку, Бэнуа, - угаворвала мацi. - Гэта ж баранiна, табе палепшае. Ну i хай сабе не хочацца, а ты цераз сiлу паеш.
Бэнуа пракаўтнуў адзiн-другi кавалачак i адставiў талерку: не, папраўдзе нiшто не лезла ў горла.
Папоўднi ён вырашыў прагуляцца i адпусцiў наймiта, сказаў, што па дарозе сам загонiць худобу.
У полi было бязлюдна: людзi нядзелькавалi. Сям-там у канюшыне на ўгрэве палежвалi, жавалi жуйку разамлелыя, з разбухлым вымем каровы. Пры ворыве чакалi прыткнутыя збоку плугi; шырокiя чорныя шнуры пераплужаных ужо, гатовых да сяўбы палеткаў перамяжоўвалiся з жоўтымi палосамi свежага пшанiчнiшча i аўсянiшча.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|