Мартэнава дачка (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 3 из 8



На прыволлi гуляў востры восеньскi вецер, як знак таго, што ўвечары па захадзе сонца будзе халаднавата. Бэнуа сеў каля рова, зняў капялюш, паклаў яго на каленi, быццам яму было трэба асвяжыць галаву, i ў поўнай цiшынi галосна сказаў:

- Што красуня яна, то красуня!

Ён думаў пра гэта i ўночы, калi ўжо ляжаў у пасцелi, i ранiцаю, як толькi прачнуўся.

Ён не быў маркотны цi незадаволены; ён i сам не змог бы растлумачыць, што з iм такое сталася. Нешта завалодала iм, нешта запала яму ў душу, Бог ведае якая драбязюлька чэпка сядзела там i паказытвала яго сэрца. Гэтак часам заляцiць у пакой вялiкая муха. З гучным бзынкатам кiдаецца яна то ў адзiн, то ў другi бок, i гэты бзынкат не дае вам спакою, раздражняе. Раптам муха прыпыняецца, сцiхае; вы ўжо нават забываеце пра яе, але тут жа яна зноў зрываецца ў лёт, i вы мiжволi гледзiце ёй услед. Нi злавiць, нi выгнаць, нi забiць, нi ўтаймаваць яе немагчыма. Яна ж толькi на нейкi момант супынiцца - i зноў усчынае сваё надаеднае бзынканне.

Гэтак i згадка пра Мартэнаву дачку не давала спакою Бэнуа, нiбы назолiстая муха.

Потым яму закарцела яшчэ раз убачыць дзяўчыну, i ён закружляў паблiзу Мартэнёўкi. I ўрэшце-такi ўбачыў: яна развешвала бялiзну на вяроўцы, напятай памiж дзвюма яблынямi.

Дзень быў цёплы; Мартэнава дачка была адно ў кароткай нiжняй спаднiцы; надзетая на голае цела, кашуля шчыльна аблягала пругкiя дзявочыя грудзi, як толькi яна ўзнiмала рукi, каб павесiць ручнiк.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]