Мартэнава дачка (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
5 из 8
Яму праглася сцiснуць яе ў абдымках, задушыць, з'есцi, зрабiць яе часткай сябе самога. I яго ажно калацiла ад бяссiлля i нецярплiвасцi, ад шалу, што яна не дарэшты належыць яму, што яны не створаны адзiнай iстотай.
Па наваколлi пра iх пайшла пагалоска. Iх ужо лiчылi жанiхом i нявестай. Аднойчы ён i сам папытаўся ў яе, цi хацела б яна стаць яго жонкаю, i яна адказала: "Хацела б".
Яны чакалi моманту, каб пагаварыць з бацькамi. I раптам нi з таго нi з сяго яна перастала хадзiць на спатканнi. Ён падоўгу блукаў вакол iхняй фермы, але так нi разу i не ўгледзеў дзяўчыны. Давялося чакаць нядзелi, каб убачыцца з ёю ў царкве. А ў нядзелю, адразу пасля абеднi, кюрэ з амбона абвясцiў пра заручыны Вiкторыi-Адэлiны Мартэн з Жазэфанам-Iзiдорам Валэнам.
У Бэнуа абвялi рукi, нiбыта з iх раптоўна спусцiлi ўсю кроў. У вушах шумела, ён як аглух; толькi па нейкiм часе ён заўважыў, што плача, уткнуўшыся ў малiтоўнiк.
Цэлы месяц ён не паказваўся на людзях. Потым зноў улёг у работу.
Аднак загою не было, ён думаў i думаў пра дзяўчыну. Штодня, зранку i ўвечары, ён падоўгу гуляў у полi, але пазбягаў хадзiць дарогамi паблiзу Мартэнёўкi, далёка абыходзiў яе, каб не бачыць нават абсады тае сядзiбы.
Яна была ўжо замужам за Валэнам, самым багатым фермерам у кантоне. Бэнуа перастаў размаўляць з Валэнам, хоць яны таварышавалi з самага маленства.
Неяк вечарам, праходзячы паўз мэрыi, Бэнуа пачуў, што Мартэнава дачка цяжарная. Гэта навiна чамусьцi зусiм не прычынiла яму болю - наадварот, ён адчуў нават пэўную палёгку.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|