Мартэнава дачка (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 7 из 8

Бэнуа стаў як укапаны, ашчаперыў жэрдку, напята ўслухаўся. I зноў доўгi, роспачны лямант упiўся яму ў вушы, у самае сэрца, працяў яму ўсю iстоту. Гэта крычала яна! Ён сарваўся з месца, перабег лужок, рыўком расчынiў дзверы i ўбачыў яе - на падлозе: пасiнелая, з ашалелымi ад болю вачыма, яна сутаргава курчылася ў перадродавых схватках.

Ён так i прырос да парога, спалатнеў, залекацеў мацней, чым яна, i пралепятаў:

- Гэта я, тут я, тут, васпанна Мартэн.

Яна задыхаючыся адказала:

- Ох, не пакiдайце мяне адну, толькi не пакiдайце мяне, Бэнуа!

Ён глядзеў на яе i не ведаў, што рабiць, што казаць. Яна закрычала зноў:

- Вой, вой! Проста на частачкi разрывае! Вой, Бэнуа!

Яна ажно вiлася ад болю.

I тады Бэнуа раптам ахапiла апантанае жаданне паратаваць яе, суцiшыць боль, збавiць яе ад пакут. Ён нагнуўся, узяў яе на рукi, падняў i занёс на ложак; яна не пераставала стагнаць, а ён хутка раздзяваў яе, скiдаў кофтачку, спаднiцу, кашулю. Яна кусала сабе рукi, каб стрымаць крык. А ён зрабiў тое, што звычайна рабiў сваёй жывёле - каровам, авечкам, кабылам: памог ёй нарадзiць, i неўзабаве трымаў у руках пiсклявае немаўлятка.

Ён абцёр яго, увярцеў у палатнiну, якая сушылася каля печы, паклаў на стол на яшчэ не прасаваную бялiзну i вярнуўся да парадзiхi.

Ён зноў паклаў яе на падлогу, памяняў прасцiны i пасля перанёс на пасцель. Яна прашаптала:

- Дзякуй, Бэнуа, слаўны ты чалавек.

I, як ад нейкага запозненага жалю, цiха заплакала.

А ён - ён ужо не кахаў яе, зусiм не кахаў.

|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]