Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 16 из 197

Таму я i заплацiла за цябе выкуп на Радзе, калi ты быў яшчэ маленькiм голым дзiцянём. Так, я таксама нарадзiлася сярод людзей. Змоладу я не бачыла джунгляў. Мяне кармiлi за кратамi, з жалезнай мiскi, але вось аднойчы ўночы я адчула, што я - Багiра, пантэра, а не забаўка чалавека. Адным ударам лапы я зламала гэты недарэчны замок i ўцякла. I таму, што я ведаю чалавечыя звычкi, у джунглях мяне баяцца больш, чым Шэр-Хана. Хiба гэта няпраўда?

- Праўда, - сказаў Маўглi, - усе джунглi баяцца Багiры, усе, апрача Маўглi.

- О, ты - чалавечае дзiцяня, - сказала чорная пантэра вельмi пяшчотна. - I як я вярнулася ў свае джунглi, так i ты павiнен урэшце вярнуцца да людзей, да сваiх братоў, калi толькi цябе не заб'юць на Радзе.

- Але за што камусьцi забiваць мяне? - спытаў Маўглi.

- Зiрнi на мяне, - сказала Багiра.

I Маўглi пiльна паглядзеў ёй у вочы. Вялiкая пантэра не вытрымала i адвярнулася.

- Вось за што, - сказала яна, i лiсце зашамацела пад яе лапай. - Нават я не магу глядзець табе ў вочы, а я ж нарадзiлася сярод людзей i люблю цябе, Маленькi Брат. Другiя цябе ненавiдзяць за тое, што не могуць вытрымаць твой позiрк, за тое, што ты разумны, за тое, што ты выцягваеш у iх стрэмкi з лап, за тое, што ты чалавек.

- Я нiчога гэтага не ведаў, - панура прамовiў Маўглi i насупiў густыя чорныя бровы.

- Што гаворыць Закон Джунгляў? Спачатку стукнi, потым падавай голас. Па адной тваёй бестурботнасцi яны пазнаюць, што ты чалавек. Будзь жа разважлiвы i асцярожны.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]