Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
183 из 197
Чацвёрка ваўчанят не кружыла разам з iм па джунглях - яна iшла спяваць песнi з iншымi ваўкамi.
У жыхароў джунгляў бывае шмат клопататаў вясною, i Маўглi чуў, як яны рыкаюць, крычаць або свiшчуць, гледзячы па тым, што належыць рабiць iхняй пародзе. Iх галасы гучаць тады не так, як у iншыя поры года, i гэта адна з прычын, чаму вясна называецца Часам Новых Прамоў.
Надышла першая ранiца вясны, i паўлiн Мор, паблiскваючы бронзай, сiнню i золатам, абвясцiў новыя пахi. Астатнiя птушкi падхапiлi яго поклiч, i са скалаў над Вайнгангай Маўглi пачуў хрыплы вiск Багiры, падобны на клёкат арла i на конскае ржанне.
Уверсе, сярод налiтых сокам галiн, крычалi i валтузiлiся малпы.
Маўглi азiраўся навокал, але бачыў толькi, як насмешлiвыя малпы дражняцца i скачуць сярод дрэў i як паўлiн Мор танцуе ўнiзе, на схiле гары, распусцiўшы свой вясёлкавы хвост.
- У джунглях пахне па-новаму! - крыкнуў паўлiн Мор. - Добрага палявання, Маленькi Брат! Чаму ж ты не адказваеш?
- Маленькi Брат, добрага палявання! - прасвiстаў каршун Чыль, злятаючы ўнiз разам са сваёй сяброўкай.
Абое яны праслiзнулi пад самым носам у Маўглi, так што пучок пушыстых пер'яў злёгку закрануў яго.
Лёгкi вясновы дожджык - яго называюць Слановым Дожджыкам - прайшоў па джунглях паласой з паўмiлi i пакiнуў за сабою намоклае i разгайданае маладое лiсце i закончыўся падвойнай вясёлкаю i лёгкiм гулам грому. Вясновы шум перарваўся на хвiлiнку i прыцiх, затое ўвесь Народ Джунгляў, здавалася, гаманiў разам.
Маўглi крыкнуў поклiч Чарады, але нiводзiн з чатырох ваўкоў не абазваўся.
|< Пред. 181 182 183 184 185 След. >|