Маыгли (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
19 из 197
Ён бачыў, як жонка аратага ўставала ўночы i падкладвала ў агонь нейкiя чорныя кавалкi, а калi надышла ранiца i над зямлёй папоўз халодны беды туман, ён убачыў, як дзiця ўзяло аплецены гаршчок, абмазаны знутры глiнаю, напоўнiла яго вугалямi i, накрыўшы коўдрай, пайшло кармiць жывёлу ў хляве.
- I ўсяго толькi? - сказаў Маўглi. - Калi нават такое малое гэта ўмее, дык баяцца няма чаго.
I ён павярнуў за вугал, насустрач хлопчыку, выхапiў гаршчок у яго з рук i знiк у тумане, а хлопчык заплакаў з перапуду.
- Людзi вельмi падобныя на мяне, - сказаў Маўглi i пачаў раздзьмухваць вугалi, як гэта рабiла жанчына. - Калi Чырвоную Кветку не кармiць, яна памрэ. - I Маўглi накiдаў галiнак i кавалачкаў сухой кары на чырвонае вуголле.
На паўдарозе пад гару ён сустрэў Багiру. Ранiшняя раса паблiсквала на яе шкуры, нiбы месячныя каменьчыкi.
- Акела прамахнуўся, - сказала яму пантэра. - Яны забiлi б яго ўчора ўночы, але iм патрэбен яшчэ i ты. Яны шукалi цябе на ўзгорку.
- Я быў на ўзараных палетках. Я гатовы. Глядзi! - Маўглi падняў над галавою гаршчок з вугалямi.
- Добра! Вось што: мне даводзiлася бачыць, як людзi соваюць туды сухую галiну, i на яе канцы расцвiтае Чырвоная Кветка. Ты не баiшся?
- Не! Чаго мне баяцца? Цяпер я прыпамiнаю, калi толькi гэта не сон: як я яшчэ не быў ваўком, я часта ляжаў каля Чырвонай Кветкi, i мне было добра i цёпла.
Увесь гэты дзень Маўглi правёў у пячоры; ён пiльнаваў гаршчок з агнём i соваў у яго сухiя галiнкi, правяраючы, што атрымаецца.
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|