Маыгли (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 20 из 197

Ён знайшоў такую галiну, якою застаўся задаволены, i ўвечары, калi Табакi падышоў да пячоры i вельмi груба сказаў, што Маўглi патрабуюць на Скалу Рады, ён засмяяўся i смяяўся гэтак доўга, што Табакi ўцёк. Тады Маўглi, усё яшчэ смеючыся, падаўся на Раду.

Акела, воўк-адзiнец, ляжаў каля сваёй скалы ў знак таго, што месца важака Чарады вольнае, а Шэр-Хан са зграяй сваiх прыхвасняў разгульваў узад i ўперад, яўна задаволены. Багiра ляжала побач з Маўглi, а Маўглi трымаў памiж каленяў гаршчок з вугалямi. Калi ўсе сабралiся, Шэр-Хан пачаў гаварыць, на што ён нiколi б не адважыўся, калi б Акела быў у росквiце сiлы.

- Ён не мае права! - шапнула Багiра. - Так i скажы. Ён сабачы сын, ён спалохаецца.

Маўглi ўсхапiўся на ногi.

- Вольны Народ! - крыкнуў ён. - Хiба Шэр-Хан Важак Чарады? Хiба тыгр можа быць нашым важаком?

- Месца ж важака яшчэ не занята, а мяне прасiлi гаварыць... - пачаў Шэр-Хан.

- Хто цябе прасiў? - сказаў Маўглi. - Няўжо мы ўсе шакалы, каб поўзаць перад гэтым мяснiком? Чарада сама выбера важака, гэта чужых не датычыцца.

Пачулiся крыкi:

- Маўчы, чалавечае дзiцяня!

- Не, няхай гаворыць! Маўглi захоўваў наш Закон!

I нарэшце старыя гыркнулi:

- Няхай гаворыць Мёртвы Воўк!

Калi Важак Чарады выпусцiў сваю здабычу, яго называюць Мёртвым Ваўком да самай смерцi, якой не даводзiцца доўга чакаць.

Акела нехаця падняў сiвую галаву:

- Вольны Народ i вы, шакалы Шэр-Хана! Дванаццаць гадоў я вадзiў вас на паляванне i з палявання, i за гэты час нiводзiн з вас не трапiў у пастку i не быў пакалечаны. А цяпер я прамахнуўся. Вы ведаеце, як гэта было падстроена.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]