Менуэт (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 2 из 6



Можа, вы не зразумееце пачуцця, якое нарадзiлася ад гэтых iмгненных уражанняў. Я раскажу вам толькi пра адно. Яно вельмi старое, але i цяпер жыве ў маёй памяцi. Я такi ўражлiвы, мусiць, ад сваёй чуллiвасцi.

Мне пяцьдзесят гадоў. У той час я быў малады i вывучаў права. Трошкi сумны, трошкi летуценны, я захапляўся меланхалiчнай фiласофiяй i зусiм не любiў нi шумных кавярняў, нi гарластых прыяцеляў, нi дурных дзевак. Уставаў рана, i маё самае гарачае жаданне было прайсцiся а восьмай ранiцы па расаднiку Люксембургскага саду.

А вы, вы не гулялi па iм? Гэта быў нiбыта забыты сад не нашага стагоддзя, прыгожы, як усмешка даўнiны. Жывы плот зялёнымi сценамi буяў абапал цiхiх, вузкiх i роўных прысадаў, а нястомныя садоўнiкавы нажнiцы руплiва стрыглi i раўнялi спляценне галiнак. I сям-там вам траплялiся кветнiкi. Рады саджанцаў стаялi, быццам школьнiкi на шпацыры, купкамi раслi густыя шыпшыны i цягнулiся ствалы пладовых дрэваў.

У самым кутку гэтага раскошнага саду жылi пчолы. Iх саламяныя хаткi, ладком расстаўленыя па градках, прыязна запрашалi сонца ў свае маленькiя, з напарстак, дзверы. I на ўсiх сцяжынках вы чулi звон залатых мушак - сапраўдных гаспадынь гэтага мiрнага куточка, сапраўдных валадарак гэтых доўгiх прысадаў.

Я прыходзiў сюды ледзь не шторанiцы, сядаў на лаўку i чытаў. Часам я клаў кнiгу на каленi i марыў, аддаючыся бясконцай асалодзе пад моцнымi грабамi.

Але неўзабаве я заўважыў, што не я адзiн прыходзiў сюды, як толькi расчынялася брама. I часам у канцы саду сустракаў дзiўнага старэнькага чалавека.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]