Месячнае святло (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 5 из 7



Абат меў палкую душу - такую самую мелi напэўна айцы царквы, гэтыя сапраўдныя паэты-летуценнiкi, - i таму ён раптам разгубiўся, усхваляваны велiчнай i супакойнай прыгажосцю светлай ночы.

У невялiчкiм садку, залiтым пяшчотным святлом, стаялi радамi дрэвы, на сцежцы адбiваўся цень далiкатных галiнак, ледзь адзетых у зялёныя лiсточкi. Ад вялiзнага куста бружмелю, што прычапiўся да муру, лiлiся чароўныя салодкiя пахi, якiя расцякалiся духмянымi хвалямi ў цёплым паветры светлага вечара.

Ён пачаў дыхаць на поўныя грудзi, ён пiў паветра, нiбы вiно. Ён iшоў павольна, амаль забыўшыся ад замiлаванасцi i захаплення пра сваю пляменнiцу.

Выйшаўшы ў вёску, ён спынiўся, каб акiнуць вокам усю далiну, што была залiтая ласкавым святлом i патанала ў мяккiх i пяшчотных чарах светлае ночы.

Штохвiлiны даносiлiся кароткiя, нiбы металiчныя, гукi - гэта крычалi жабы ў ставе. Аднекуль здалёк даляталi спевы салаўя i складалiся ў дзiўную музыку, якая адганяла цяжкiя думкi i навявала лёгкiя летуценнi. Гэтая мяккая i пранiкнёная музыка была створана нiбыта для таго, каб пад яе гукi адорваць пацалункамi i аддавацца спакусам месячнага святла.

Абат рушыў далей, апанаваны нейкай млявасцю. Ён адчуваў сябе нiбы саслабелым, неяк раптоўна знясiленым. Яму хацелася сесцi i пасядзець, захапляючыся Богам i яго стварэннем.

Унiзе, паўтараючы выгiны рачулкi, вiўся доўгi рад таполяў. Лёгкая смуга, што ў промнях месячнага святла зiхацела срэбным бляскам, вiсела па-над берагам i, нiбы нейкая бязважкая i празрыстая вата, засцiлала пакручастую змейку вады.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]