Месячнае святло (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 6 из 7



Святар зноў спынiўся,прасякнуты да глыбiнi душы растучым нястрымным замiлаваннем.

I iм пачаў авалодваць сумлеў, у грудзях паднялася нейкая няясная трывога. Зноў пачалi самi па сабе ўзнiкаць заўсёдныя пытаннi.

Нашто Бог стварыў усё гэта? Калi ўжо ноч прызначана, каб спаць, нi пра што не думаць, адпачываць, забыцца пра ўсё, дык чаму ж тады яна прыгажэйшая за дзень, пяшчотнейшая за свiтаннi i вечары? Чаму месяц, якi так павольна i спакушальна праплывае па небе, больш паэтычны, чым сонца, i такi таямнiчы, што, здаецца, створаны на тое, каб асвятляць рэчы занадта далiкатныя i патаемныя для сонечнага святла? Нашто ён развейвае начную цемру?

Чаму самы знакамiты сярод птушак спявак не адпачывае, як усе iншыя, а выводзiць у чароўных прыцемках свае спевы?

Чаму ўвесь навакольны свет ахутаны нейкiм далiкатным вэлюмам? Нашто гэтае трапятанне сэрца, хваляванне душы, млявая асалода цела?

Нашто разлiваюцца гэтыя спакушальныя чары, калi людзi ўсё роўна iх не бачаць - бо спяць у ложках? Дзеля каго ж гэтае непаўторнае сваёй прыгажосцю вiдовiшча, гэтая паэзiя, якую неба так шчодра пасылае на зямлю?

I абат не знаходзiў адказу.

А ў гэты момант унiзе, на краi лугу, пад шатамi дрэваў, ахутаных зiхатлiвай смугой, паказалiся дзве постацi.

Адна з iх, вышэйшая, - гэта быў мужчына. Ён абдымаў сваю сяброўку за плечы i час ад часу цалаваў яе ў лоб. Яны нечакана ажывiлi нерухомы навакольны пейзаж, што быў дасканалым фонам той боскай карцiны.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]