Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
32 из 84
Зяго тхнула спакойным пахам смалы i кары. Адсюль вiдна была апусцелая хата. Не так чорны яе сiлуэт, як асветленае акно. Свечка асталася гарэць у ёй. Акно ледзь свяцiлася. Свечка ўжо мусiць канала. Дол быў выкапан тут жа, на самым узлессi, каля вялiкiх трох дрэваў. На горб выкiнутай зямлi i паставiлi труну. Месячная вiдната была i ў лесе памiж дрэў. I маўчанне было вялiкае. Той, што рабiў труну, шпарка адышоўся некуды ўбок, i вiдно было, што ён прыгнуўся i шукае чагосьцi на зямлi. Неўзабаве ён вярнуўся з скруткам вяроўкi i распусцiў яго. Можна сказаць, што з гэтага моманту ён пачаў тут распараджацца. Ён сказаў, калi i як прыўзняць труну, каб працягнуць пад яе дзве столкi вяроўкi. Ён сказаў, калi i як пачынаць спускаць труну ў яму. Тут ляжала рыдлёўка недзе памiж дрэў. Той, што рабiў труну, пашукаў яе i знайшоў. Таксама, як i шукаючы вяроўку, ён прыгiнаўся i ўглядаўся ў зямлю. Было падобна, што можа гэта ён сам тут i пакiнуў быў i вяроўку i рыдлёўку. Ён i пачаў засыпаць магiлу. Усе стаялi. I вось тыя чатыры сталi гаварыць.
- Адной рыдлёўкай вельмi марудна. Нашто мы рыдлёўкi занеслi ў сенцы, сказаў самы маладзейшы.
- А там мяса на двары ляжыць. Сабакi цi ваўкi яго могуць з'есцi. I так прыйдзе хто, - сказаў таўсматы ў кажуху.
- Я зараз памру з голаду i холаду, - сказаў той, што быў у летнiм пiнжаку.
I раптам сагнуўся ён яшчэ больш i подбегам рушыў туды, дзе крыху яшчэ свяцiлася хатняе акно.
- Божа, - сказаў самы старэйшы. - Божа, Божа!
Яго смутак быццам напоўнiў сабою ўвесь свет.
|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|