Млечны Шлях (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
34 из 84
Вiдаць, што чатыры бадзякi ўжо асталёўвалiся тут. У хаце ж яны ўжо гаспадарылi. Ужо ў печы гарэў агонь, i зноў у чыгунах варылася мяса. Водсвет з печы падаў на сцяну i асвечваў хату. Свечкi ўжо не было. Усе ўчатырох стаялi пасярод хаты ў нейкiм як бы ўзбуджэннi. Маладзейшы трымаў пад пахаю нейкую старую вопратку, а той, што быў у летнiм пiнжаку, дапытваў яго:
- Хто табе сказаў, што там у пакоi ляжыць адзежа? Ты ўжо з гаспадаром паспеў пасябраваць без нас? Давай!
- На! - адказаў малады. - Бяры.
Той узяў старую вопратку, адразу палез з ею на печ i адразу там умасцiўся ляжаць. Самы старэйшы падышоў да печы i адразу задрамаў, стоячы пры агнi. Таўсматы i малады селi на лаву i раз-поразу зазiралi ў печ. Чыгуны кiпелi. Агонь палаў. Ганусiн бацька зняў з тапчана прасцiрадла i пайшоў у той, як ён сам казаў, "халодны пакой". У яго вялi дзверы непадалёку ад печы, заўсёды дагэтуль зачыненыя. Неўзабаве ён вынес адтуль ахапак старой адзежы, сапраўды "лахманоў", i паслаў на тапчане пасцель. Гануся адразу лягла i заснула. Бацька лёг каля яе, з самага краю i, тварам угару, ляжаў, не спаў i глядзеў у столь. Той, што рабiў труну, лёг на голую лаву пры сцяне, i хто яго ведае, цi спаў, цi так ляжаў сцiшыўшыся. Тым часам з печы злез той i адразу сунуўся ў печ.
- Трэба даставаць мяса i есцi, - сказаў нецярплiва ён.
- Сырое яшчэ, - прахапiўся ад свае дрымоты самы старэйшы.
Таўсматы высунуў нейкiм ражном з печы чыгуны, а малады кiнжальчыкам пачаў выкладаць мяса проста на лаву.
|< Пред. 32 33 34 35 36 След. >|