Мсцивец (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
4 из 6
Некалькi хвiлiн ён маўчаў, пасля зноў развесялiўся i спытаўся:
- Скажы мне?
- Што?
- Будзь шчырая, зусiм шчырая са мною!
- Добра, дарагi.
- Так, папраўдзе, скажы мне, ты нiколi не адчувала спакусы здра... здра... здрадзiць гэтаму дурню Суры?
Панi Лёе цнатлiва войкнула i мацней прытулiлася да мужавых грудзей. Але той заўважыў, што яна смяецца.
Ён настойваў:
- Ну, прызнайся. Гэтай скацiне так бы пасавалi прыгожыя рогi! Гэта было б так пацешна, так пацешна! Дабрадзею Суры! Ну, ну, шаноўная, мне, мне, асаблiва мне ты можаш у гэтым прызнацца.
Ён нацiскаў на гэтае "мне", бо лiчыў, што калi б ёй калiсьцi зажадалася здрадзiць Суры, яна б зрабiла гэта з iм, з Лёе, i ён дрыжаў ад асалоды ў прадчуваннi такога прызнання, упэўнены, што, калi б цнота гэтае жанчыны не была настолькi непарушная, ён бы ўжо раней авалодаў ёй.
Але яна не адказвала, а ўсё хiхiкала, быццам згадаўшы штосьцi вельмi пацешнае.
А i самога Лёе пачало трэсцi ад думкi, што ён мог бы зрабiць Суры рагатым! Якi жарт! Вось дык штука! Папраўдзе, якая добрая штука!
Ён лапатаў памiж прыступамi смеху:
- Небарака Суры, небарака Суры, ах, яго галава акурат прыдатная для такой аздобы, прыдатная, прыдатная!
А панi Лёе, насмяяўшыся да слёз i траха не закрычаўшы, курчылася пад коўдрай.
Лёе паўтараў:
- Хутчэй прызнавайся, прызнавайся. Скажы праўду. Ты ж разумееш, што мне, мне гэта не можа быць непрыемна.
Яна ледзь дыхаючы прамармытала: "Ага".
Муж настойваў:
- Што, што, ага. Прашу цябе, кажы.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|