Над прасторами зямли (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
5 из 6
- Дзецi часамi захочуць пагуляць з брытваю, да цi можна даваць iм брытву? Наш прыход на зямлю ў часе такой спякоты можапрычынiць ёй толькi шкоду, бо мы не можам паручыцца за сябе, каб не распражыцца страшным градам i бураю. Мы вернемся на зямлю цiхiм, дробным дожджыкам у спакойную восень. Ты, сястрыца, не пакрыўдзься за слова: ты стаiш нiзка. У цябе няма такога шырокага далягляду, якi ёсць у нас. Ты - цёмная i страшная хмара. У цябе многа дзiкай сiлы, ты прынясеш навальнiцу i громы, ты наробiш многа шкоды i бяды на зямлi. Цi акупiцца гэтае няшчасце карысцю ад тваiх навальных улiўных дажджоў? Не будзь упартаю i плывi разам з намi, бо дарога наша адна. Паглядзi, падымiся вышай, якiя светлыя прасторы чакаюць нас. Спяшайся, бо чуецца наблiжэнне свежых ветравых хваль.
Здрыганулася паветра, i зрушылiся высокiя светлыя хмаркi. Адлегласць мiж iмi i цёмнаю хмараю з кожнаю хвiлiнаю рабiлася большай i большай.
- Бывай! - гукнулi яны з далёкай высачынi сваёй цёмнай задумлёнай таварышцы.
Як белыя лебедзi, паплылi яны ў бяскрайняй прасторы, ператвараючыся ў самыя вычварныя, дзiвосныя постацi, i знiклi з вачэй.
Яшчэ больш пацямнела нiзкая хмара, нерухома застыўшы на адзiн момант. Зрушылася, заварушылася. Як шапка-волат, спускаецца нiжай, выпускаючы па краях кудлатыя касмыкi, апранаючы ценем зямлю.
- Хмара находзiць! - узрушана-радасна зашумелi кусты.
- Ш! ш! - зашастала асака. - Маўчыце, не спалохайце мiлую, слаўную хмару.
I знямелая цiш агарнула зямлю.
- Гром, гром! Вы чуеце гром? - прытоеным, сцiшаным голасам загаманiлi аўсяныя кiстачкi.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|