Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
35 из 117
Цi не лягчэй таму, хто не можа абысцiся без рабоў, назваць iх вольнымi людзьмi? Па-першае, дзеля прынцыпу, а па-другое, каб не зусiм ужо iх расчароўваць у жыццi. Трэба ж даць iм хоць такую падтрымку, праўда? Затое яны заўжды будуць нам усмiхацца, а мы захаваем сваё чыстае сумленне. Iначай цяжка нам давядзецца: пачнецца самакапанне, вечныя пакуты так мы яшчэ, чаго добрага, сцiплыя станем, чым чорт не жартуе! Таму - нiякiх шыльд! I гэтая, памiж iншым, сапраўды - проста абуральная. Дарэчы, уявiце сабе, што б здарылася, каб кожны, хто садзiўся за стол, аб'яўляў сваю сапраўдную прафесiю, га? Ды тут у каго хочаце ў галаве б закруцiлася! Уявiце сабе гэткiя вiзiтныя карткi: "Дзюпон, фiлосаф i баязлiвец", цi "хрысцiянiн i хцiвец", цi "юрлiвец i гуманiст" - тут выбар даволi шырокi. Але гэта было б сапраўднае пекла! А ў пекле, па-мойму, так i павiнна ўсё быць: вулiцы з шыльдамi, i нiякага права на апраўданне. Усё пракласiфiкавана раз i назаўжды.
Вось вы, дарагi суайчыннiк, падумайце, якая была б шыльдачка ў вас? Маўчыце? Ну добра, адкажаце крыху пазней. А я сваю шыльдачку ведаю: двухаблiчны, чароўны Янус, i наверсе - дэвiз: "Не давярай!" А на вiзiтнай картцы: "Жан-Батыст Кляманс, камедыянт". Дарэчы, неўзабаве пасля таго вечара, пра якi я вам расказаў, я адкрыў сабе адну рэч. Развiтваючыся са сляпым, якому я дапамог перайсцi дарогу, я зняў капялюш. Вядома, сляпому гэты жэст прызначацца не мог, бо ён бы ўсё роўна яго не ўбачыў. Але каму ж тады? Публiцы! Выканаў ролю - i раскланяўся.
|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|