Пани Парыс (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 4 из 8



Пасля вайны ў Анцiбах стаяў толькi адзiн лiнейны батальён пад камандай пана Жана дэ Кармелена. Малады афiцэр меў узнагароды за кампанiю i зусiм нядаўна атрымаў чатыры галуны.

Ён вельмi нудзiўся ў крэпасцi - душнай кратоўнi за двайным непарушным мурам, i таму часта хадзiў гуляць на мыс у сасняк, якi выстаяў пад усiмi марскiмi вятрамi.

Тут ён напаткаў панi Парыс, бо яна таксама ў летнiя вечары прыходзiла сюды падыхаць свежым паветрам пад шатамi дрэў. Як пакахалiся яны? Хто ведае? Яны сустракалiся, глядзелi адно на адно, а калi не бачылiся, напэўна, згадвалi свае спатканнi. Успамiн пра чарнавокую, цёмнавалосую, белатварую маладую жанчыну, вобраз прывабнай i свежай дачкi поўдня з прыгожай белазубай усмешкай доўга не iшлi з галавы афiцэра, якi крочыў далей i замест таго, каб дакурыць цыгару, пачынаў жаваць яе. А аблiчча ладнага каменданта ў залатым мундзiры i ў чырвоным галiфэ, яго твар з завiтымi светлымi вусамi мусiлi паўставаць перад вачыма панi Парыс, калi яе дрэнна паголены i неахайны, куртаты i пузаты муж сядаў вячэраць.

Яны сустракалiся i, магчыма, пачалi ўсмiхацца на кожным спатканнi; яны бачылiся i падумалi, што ведаюць адно аднаго. Неяк ён, мусiць, прывiтаў яе. Яна здзiвiлася i ледзь-ледзь, якраз настолькi, каб не быць няветлiвай, кiўнула яму. Але праз два тыднi яна ўжо здалёк, а не зблiзу адказвала на яго вiтаннi.

Ён загаварыў першы. Пра што? Напэўна, пра захады сонца. I яны разам любавалiся iмi, часцей пазiраючы ў вочы адно аднаму, чым на небасхiл.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]