Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 199 из 228

- Я не маю дзе галаву прытулiць, за мною, як за воўкам, палююць, дзе б хто нi сустрэў мяне... Увесь свет цесны мне. Дзе ж тая вялiкая Польшча? I малое яе няма! Хто мяне адарваў ад таго месца, дзе мне прасторна было?..

Ён задыхваўся. Нявада прылiп плячыма да сцяны. Палiводскi сеў к сталу i ўнурыў твар. Акаловiч пачаў калацiцца, як пасаджаны на пакуту. Палiводскi крыкнуў Няваду (вiдаць было, што раптам успомнiў):

- Выйдзi! - I ўставiўся сухiмi вачыма ў Нявадаў твар.

Нявада, iрвануўшыся з месца, бачыў, як Акаловiч затрапятаў рукой пад запазухай i двума крокамi апынуўся перад самым Палiводскiм. Нявада застыў на месцы. Акаловiч iрвануў з нетраў дзiравае адзежы штосьцi малое, цёмнае, чаго Нявада не мог разгледзець. Палiводскi сядзеў унураны. Акаловiч кiнуў у яго бок сваю руку. Нявада не паспеў нiчога нi падумаць, нi разгледзець. Траскучы гук i дым, i Палiводскi тузануўся ўнiз i грунуўся аб падлогу, галавою пад стол. Акаловiч пераскочыў цераз яго i рынуўся ў акно, але адразу ўзаскочыць на падаконнiк не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла i тады ўжо кiнуцца на двор. Нявада не паспеў апамятавацца. Палiцай, утрапёны i перапалоханы, сыпануў у пакой кулямi, але ў самы пакой не ўбег i закрычаў. Нявада падбег да акна i толькi цяпер заўважыў, што рука ў Палiводскага адкiнута з-пад стала па падлозе на праход памiж сталом i акном. Палiводскi быў мёртвы - толькi цяпер уцямiў Нявада. Ён шпарка апынуўся на акне i, трымаючыся за падаконнiк, гупнуў нагамi на зямлю.

|< Пред. 197 198 199 200 201 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]