Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 10 из 11



Ён задыхаўся ад вялiкага здзiўлення, зусiм ачмурэў, не мог нiчога зразумець, чаму яго б'юць, чаму зневажаюць, яго апанаваў шалёны страх.

I раптам перад iм узнiк нейкi тоўсты, абвешаны залатымi бляхамi вайсковец, якi паставiў яму нагу на жывот i закрычаў:

- Вы мой палонны, здавайцеся!

Прусак, якi пачуў толькi адзiнае слова "палонны", адразу заенчыў: "Я-а, я-а, я-а!"

Яго паднялi, прывязалi да крэсла i пачалi разглядаць з вялiкай цiкаўнасцю. Пераможцы запыхалiся, дыхалi цяжка, нiбы валы. Некаторыя расселiся вакол, не могучы трымацца на нагах ад усхваляванасцi i стомы.

А ён усмiхаўся, ён цяпер усмiхаўся, бо быў упэўнены, што нарэшце трапiў у палон!

Увайшоў яшчэ адзiн афiцэр, ён сказаў:

- Мой палкоўнiк, ворагi кiнулiся наўцёкi; мяркуючы па ўсiм, многiя з iх паранены. Гаспадарамi становiшча ў акрузе застаёмся мы.

Тоўсты вайсковец, якi выцiраў сабе лоб, закрычаў:

- Перамога!

I занатаваў у сваёй запiсной кнiжачцы, якую выняў з кiшэнi: "Пасля бязлiтаснай бойкi прусакi вымушаны былi адступiць, несучы на сабе забiтых i параненых, колькасць якiх дасягала прыкладна пяцiдзесяцi чалавек. Некаторыя трапiлi да нас у палон".

Малады афiцэр загаварыў iзноў:

- Цi мушу я даць яшчэ нейкiя распараджэннi, мой палкоўнiк?

Палкоўнiк адказаў:

- Зараз нам трэба будзе адысцi, каб пазбегчы ўдару, якi вораг, безумоўна, мяркуе нам нанесцi ў адказ больш магутнымi сiламi i з дапамогай артылерыi.

I ён аддаў загад выступаць.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]