Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 2 из 11



I калi надыходзiла ноч i ён, захiнуўшыся ў шынель, лажыўся спаць побач са сваiмi франтавымi сябрамi, якiя ўжо задавалi храпака на голай зямлi, ён яшчэ доўга думаў пра сваiх, якiя былi ад яго так далёка, i пра тую небяспеку, што пiльнуе яго на нялёгкiм шляху: "Калi заб'юць, што будзе з малымi? Хто iх будзе кармiць i гадаваць? Нават i цяпер яны, пэўна, церпяць нястачу, хоць перад тым, як iх пакiнуць, ён пазычыў трошкi грошай, каб iм было на што жыць".

I часам Вальтэр Шнафс плакаў.

Перад боем ён адчуваў такую кволасць у нагах, што здавалася, зараз упадзе, i ўпаў бы, каб не баяўся, што пасля ўсё войска прабяжыць па iм. Калi ж вакол чуўся посвiст куль, усе валасы ўставалi дыбам на яго целе.

I гэтак ужо некалькi месяцаў ён жыў у бесперастанным жаху i пакутах.

Армейскi корпус, у якiм ён служыў, прасоўваўся да Нармандыi, i аднаго дня Вальтэр Шнафс з маленькiм атрадам быў пасланы ў разведку. Яны мусiлi проста даследаваць сумежную наперадзе тэрыторыю i вярнуцца назад. Усё ў наваколлi здавалася цiхiм, нiшто не прадказвала падрыхтаванага нападу цi супрацiву.

Прусакi спакойна спускалiся ў невялiчкую лагчыну, парэзаную глыбокiмi ярамi. Але раптам iх прымусiла спынiцца нечаканая, шалёная пальба. Чалавек дваццаць упалi на месцы. А з маленькага лясочку, велiчынёй не болей за далонь, выскачыла кучка французскiх вольных стралкоў, якiя кiнулiся наперад са штыкамi наперавес.

Спачатку Вальтэр Шнафс застыў, ён быў такi здзiўлены, такi разгублены, што нават не думаў уцякаць. Потым яго апанавала панiчнае жаданне задаць драпака, куды-небудзь знiкнуць. Аднак, гледзячы на хударлявых французаў, якiя подскакам, нiбы статак горных коз, ужо наблiжалiся да прусакоў, ён адразу сцямiў, што ў параўнаннi з iмi будзе бегчы не хутчэй за чарапаху.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]