Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке) :: Де Мопассан Ги
Страница:
3 из 11
I тут за шэсць крокаў ад сябе ён заўважыў шырокi роў, зарослы густым хмызняком з сухiмi лiсцямi. Склаўшы ногi, стаўма, як скачуць з моста ў раку, ён скочыў туды, нават не думаючы пра глыбiню.
Ён маланкай праляцеў скрозь шчыльнае покрыва з пераплеценых галiн i вострых шыпоў, якiя параздзiралi яму рукi i твар, i цяжка чвякнуўся задам на каменную крушню.
Адразу падняўшы вочы, ён убачыў над сабой, у прасечанай яго целам дзiрцы, чыстае неба. Гэтая здраднiцкая дзiрка магла яго выдаць, i Вальтэр Шнафс асцярожлiва, ракам, як мага хутчэй папоўз у глыб зарослай густым хмызняком канавы, аддаляючыся ад месца бойкi. Нарэшце ён спынiўся, сеў i прытаiўся, як трус у высокай сухой траве.
Нейкi час ён яшчэ чуў стрэлы, крыкi i енк. Потым шум бойкi пачаў згасаць i нарэшце змоўк. Усё вакол зноў стала цiха i спакойна.
Раптам нешта варухнулася побач з iм. Ён з жахам падскочыў. Гэта была маленькая птушка, - галiнка, на якую яна села, шапацела леташнiм лiсцем. Амаль гадзiну сэрца Вальтэра Шнафса шалёна калацiлася ад спалоху.
Наблiжалася ноч, яр запаўняўся змрокам. I салдата пачалi апаноўваць думкi. Што ж з iм цяпер будзе? Што яму рабiць? Вярнуцца ў войска, да сваiх?.. Але як? I кудой? I тады яму зноў давядзецца пачаць гэта жудаснае жыццё, якiм ён жыў ад самага пачатку вайны, - жыццё, поўнае кашмараў i жахаў, стомы i пакут! Не! Ён быў няздольны адважыцца на гэта! Яму не стане сiлы, каб зноў перажыць гэтыя доўгiя маршы, зноў штохвiлiны рызыкаваць сваiм жыццём.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|