Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке)   ::   Де Мопассан Ги

Страница: 8 из 11



Вакол шырачэзнага стала за абедам сядзела восем чаляднiкаў. Але раптам адна з пакаёвак знерухомела, шклянка выпала ў яе з рук, i вочы ўтаропiлiся ў адну кропку. Усе погляды павярнулiся ў той бок!

Усе заўважылi ворага!

Божачкi! Прусакi аблажылi замак!..

Спачатку пачуўся толькi крык - восем галасоў на розны лад злiлiся ў адзiны роў, поўны пачварнага жаху i страшэннага спалоху; потым усе разам ускочылi, пачалася мiтусня, штурханiна, чаляднiкi беспарадкава кiнулiся да дзвярэй. На падлогу ляцелi крэслы, мужчыны штурхалi жанчын, тыя падалi, мужчыны прабягалi па iх наперад. У iмгненне вока пакой быў пусты, пакiнуты, i перад здзiўленым Вальтэрам Шнафсам, якi па-ранейшаму стаяў каля акна, застаўся толькi стол, устаўлены рознымi стравамi.

Яшчэ некалькi секунд Вальтэр Шнафс стаяў нерашуча, потым пералез цераз падаконнiк i рушыў да поўных талерак. Ад лютага голаду яго трэсла, нiбы ў лiхаманцы, але страх яшчэ стрымлiваў яго, скоўваў яго рухi. Ён прыслухаўся. Увесь дом, здавалася, дрыжаў: рыпелi i зачынялiся дзверы, над яго галавой чулася хуткае шорганне ног. Пры кожным невыразным гуку прусак з трывогай напружваў слых i хутка пачуў, быццам нешта цяжкае ўпала на мяккую зямлю пад замкавым мурам: з другога паверха праз вокны скакалi людзi.

Потым уся валтузня скончылася, i ў вялiкiм замку запанавала магiльная цiшыня.

Вальтэр Шнафс сеў перад поўнай талеркай i пачаў есцi. Ён еў, набiваў поўны рот, нiбыта баяўся, што яго перапыняць i ён не паспее як след напакаваць свае вантробы.

|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]