Стары лес (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
2 из 6
У тым ланцугу вельмi важных прычын i з'яў, праз якiя вынiклi яшчэ важнейшыя дзеi ў гэтай пушчы, рэчка займала не апошняе месца, хоць справядлiвасць вымагае сказаць, што яна i не думала займаць такога месца. I яшчэ трэба дадаць, што месцы бываюць дваякiя: на адны мы самi рымсцiмся, а на другiя нас цягнуць, узяўшы за вушы. На гэта апошняе месца ўсцягнулi i рэчку.
Але сiла не ў гэтым. На свеце часта бывае так, што самая простая справа, самая ясная праўда пазнаецца цаной вялiкай пакуты - надта цяжкая дарога прыводзiць да такога пазнання.
Доўгiя-доўгiя годы, цэлыя вякi, жыла пушча згодна i шчаслiва, жыла поўным, багатым жыццём. Але ўсяму на свеце ёсць канец.
На пагорку, недалёка ад рачулкi, стаялi купчастыя лiпы, сярод iх пракiдалiся ярка-зялёныя клёны i высокiя вязы. Летам на iх выспявала насенне. Пад восень, прылятаючы сюды, вецер падхоплiваў яго на свае вольныя крыллi i разносiў па свеце. Панёс раз вецер насенне старой, усiмi паважанай лiпы на другi бок рэчкi; прынёс i кiнуў на мяккi зялёны мох па суседству з асiнай. Асiна прымецiла месцечка, дзе ўпала лiпавае семя, i сумыслу скiнула на яго свой даволi таўсты сухi сук. Сук упаў на насенне i крэпка яго прыцiснуў. А назаўтра поруч з насеннем лiпы асiна кiнула сваё семечка. Пакуль лiпавае насенне выраблялася з-пад асiнавага сука, асiна ўзышла i заглушыла лiпку.
Уся гэтая справа рабiлася на вачах у дзятла, якi дзёўб тут засохшы верх старой хвоi. Дзяцел пераляцеў рэчку, сеў на старую, усiмi паважаную лiпу i расказаў усё, што было з яе насеннем.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|