Стары лес (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
4 из 6
- А чыё гэта племя ўтрамбавала наш бераг? Чыё? Сама б увесь свет заняла, а другому i лапiнкi шкада, пагiбелi на вас няма! - I пайшлi вярнуць, i пайшлi вярнуць адна на другую.
У iх лаянку ўткнулi языкi i iншыя жыхары лесу, i такая пайшла спрэчка, што птушкi пазляталi са сваiх гнёздаў i звяры павыскаквалi з лаговiшчаў. Падняўся такi кiрмаш, такi гармiдар, што не дай ты божа! За доўгiя вякi згоднага жыцця назбiралася столькi нянавiсцi, столькi гневу, крыўды, зайздрасцi, зневажання, што лес грымеў, хадзiў, як кiпень у гаршку, тросся, калацiўся, дрыжаў ад злосцi.
Да голасу лесу прылучаўся пiск, гвалт птушак, выццё звяроў: звяры i птушкi таксама ўзялi руку сваiх берагоў.
Ад шуму, гвалту, ляманту затрэслася паветра, закурыўся пухам снег, магутная пушча раскатурхалася, разгайдалася, расшумелася, як сялянскi сход, i ўжо нiякая сiла не магла супакоiць яе.
Страшная бура завыла над цёмнаю пушчай. Заскрыпелi, застагналi таўшчэразныя гладкакамлёвыя хвоi, густа i жалабна зашумелi кашлатыя ялiны, немiласэрна б'ючыся лапамi; завылi асiны, лiпы, бярозы, клёны i вербы; загулi магутныя дубы, i громам грымелi iх чорныя жэралы; зарыгацелi сукаватыя вязы i грабы... Усе дрэвы бушавалi сваiмi галасамi, i ў агуле выйшла такая страшэнная музыка, што здавалася, злыя духi пазрывалiся з ланцугоў i спраўлялi тут сваё iгрышча.
I вось, сярод гэтага гулу пачуўся трэск - не ўтрымалiся крохкiя асiны i пасыпалiся, як соль; за iмi, як каноплi, разам з карэннямi i з грудамi мёрзлай зямлi, пачалi падаць ялiны, цягнучы за сабою i слабейшыя дрэвы.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|